22, 24 і 25 лістапада адбудзецца беларуская прэм’ера праекту «Тузін. Немаўля». У ім сучасныя беларускія выканаўцы выступаюць у якасці тапёраў і агучваюць першыя беларускія нямыя кінастужкі, знятыя ў 20-х гадах мінулага стагоддзя.
«Тузін. Немаўля» — новая задума інтэрнэт-парталу Tuzin.fm, паводле якой, сучасныя выканаўцы ствараюць свой саўндтрэк да нямых фільмаў і прадстаўляюць яго ўжывую на сцэне ў фармаце кінаканцэрта. «Нам здаецца, што найбольш яскрава перадае нашу ідэю слова „немаўля“, дзе абыгрываецца і малы век тагачаснага беларускага кінематографа і тая асаблівасць, што стужкі былі па першым часе нямыя, а апошнія дзве літары да ўсяго намякаюць на музычны складнік праекту», — кажа кіраўнік праекту Сяргей Будкін. Міжнародная прэм’ера «Тузін. Немаўля» адбылася ў кастрычніку ў Падляшскай оперы ў Беластоку, а цяпер пройдзе ў клубным фармаце ў Мінску.
Для працы над праектам былі абраныя музыканты, якія маюць бездакорны музычны густ. 22 лістапада у Loft café пройдзе адразу два кінаканцэрты. Сяргей Пукст прадставіць сваё музычнае бачанне фільма «Кастусь Каліноўскі» (1927), а гурт Re1ikt агучыць гісторычную эпапею пра падзеі 1919—1920 гг. «У агні народжаная» (1929). 25 лістапада будзе паказана стужка «Прастытутка» (1926), якую ўжывую агучыць гурт з Беластоку Ilo&friends. Беларускамоўная каманда з Польшчы ўпершыню выступіць у Беларусі. Акрамя таго, 24 лістапада Ілона Карпюк з сябрамі дае экслюзіўны канцэрт у клубе «Графіці» з нагоды адкрыцця выставы плакатаў беларускага нямога кіно.
Перад удзельнікамі праекту стаяла няпростая задача, бо з дапамогай музыкі яны меліся па-свойму пераасэнсаваць змест фільмаў і паглядзець на іх з пазіцыі чалавека нашага часу. «Нам часта казалі пра тое, што мы мусім саўндтрэкі пісаць, бо ствараем вельмі атмасферную музыку, — кажа лідар гурта Re1ikt Аляксандр Дзямідзенка. — Так выйшла, што давялося пайсці нават далей за гэта, бо агучванне фільма вымагала вельмі творчага падыходу, пашыранага погляду на музыку і выкананне. Мы зрабілі сур’ёзную карпатлівую працу і засталіся вельмі задаволеныя тым, што атрымалася».