«Стары Ольса» зладзіць бонусны канцэрт

Аматары сярэднявечнай музыкі ў цэлым і гурта «Стары Ольса» ў прыватнасці, якія не паспелі набыць квіткі на вялікі сольны канцэрт калектыва, што адбудзецца 17 лістапада ў Палацы культуры ветэранаў (а ўсе квіткі ўжо прададзеныя), атрымалі выдатны падарунак — дадатковы канцэрт «Старога Ольсы», што мае адбыцца 18 лістапада.

Лідар гурта Зміцер Сасноўскі адзначыў, што напачатку музыкі паланавалі зладзіць два ідэнтычныя канцэрты з аднолькавай праграмай, але потым вырашылі арганізаваць бонус для самых адданых прыхільнікаў. Наведвальнікі і першага, і другога канцэртаў атрымаюць магчымасць замовіць любімую песню з рэпертуара гурта і тут жа паслухаць яе ў выкананні «Старога Ольсы».

На дадзеным этапе творчасці гурт амаль ператварыўся ў навуковую лабараторыю. Справа ў тым, што ўсе ноты старадаўняй музыкі, напісаныя сучаснай нотнай транскрыпцыяй, ― ужо кімсьці прачытаныя і адаптаваныя да выканання: вызначана танальнасць, тэмп, даўжыня нот (раней не заўсёды ставілася). Але «Стары Ольса» цяпер працуюць з копіямі арыгінальных нотных аркушаў і перачытваюць іх самастойна. Вось і атырмліваецца, што некаторыя старажытныя мелодыі ў выкананні гурта гучаць зусім па-новаму. Так, напрыклад, танец «Пагамошка» з «Полацкага сшытка» яны прачыталі ў мінорным ладзе, у той час як некаторыя іншыя сучасныя выканаўцы барочнай музыкі выконваюць яго як мажорны.

Што да самой праграмы сёлетніх восеньскіх канцэртаў, якія ўжо сталі традыцыйнымі для музыкаў (якраз увосень заканчваецца сезон гастроляў за межамі краіны і з’яўляецца магчымасць зладзіць сольнае выступленне на радзіме), тут таксама будуць нечаканасці. Апроч знаёмых мелодый са старажытнага «Полацкага сшытка», над якім гурт працуе ўжо больш як тры гады, прагучаць дзве новыя песні. Будзе прадстаўлены і новы інструмент — нямецкая лютня. Яе не так даўно гурт набыў у Германіі. З выкарыстаннем новай лютні «Стары Ольса» зайграюць каверы на кампазіцыі, якія даўно не выконваліся на канцэртах.

За час актыўнай дзейнасці (з 1999 года) гурт «Стары Ольса» выдаў 8 дыскаў, з іх найбольш знакавыя — «Гераічны эпас. Спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы», прысвечаны песням пра рыцараў і рыцарскім песням перыяду з канца XIV да канца XVII ст., і дыск «Дрыгула», прысвечаны «Полацкаму сшытку». Апроч удзелу ў сумесных праектах, зборніках сярэднявечнай музыкі, музыкі запісалі аўдыёаповесць паводле навелы Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы».

Источник: пресс-релиз

Фото: staryolsa.com