На лэйбле «Каўчэг» выйшаў дыск музычна-вандроўнага аркестрыка Vuraj пад назвай «Песні, казачкі ды танцы».
Дыск атрымаўся выдумленна-вясёлым. «Тут і песенькі, i казачкі, нават некалькі „танцулечак“, пад якія так любяць танчыць на канцэртах Vuraju, — кажа музыка і казачнік Сяржук Гаюн. — Дыск прысвечаны ўсім нашым слухачам-гледачам з тых краін, дзе мы былі, гралі, спявалі ды вандравалі».
Запіс альбому адбыўся падчас выступу Vuraj у маскоўскім клубе «ДОМ». Канцэртнае гучанне, па словах Сяржука Гаюна, лепш перадае настрой гурта. Дзея адбылася 6 снежня 2011 года, а запіс зрабіў вядомы гукарэжысёр Макс Хайкін «Дыназаўр» (КЦ «ДОМ», фестываль «Пустые холмы»). Усе малюнкі і вокладка альбому зроблены таленавітай мастачкай Лорай Арловай.
Прэзентацыя дыска «Песні, казачкі ды танцы» адбудзецца 23 снежня ў Loft café на святочным канцэрце «Ранішнік» з удзелам гуртоў «НагУаль», Recha, а таксама Таццяны і Адася Матафонавых.