BosaeSonca і ili-ili: удвох для ўсіх

24 студзеня ў межах праекту «Жывы Тузін» ў Loft café адбудзецца супольны канцэрт двух адметных беларускіх гуртоў. BosaeSonca прэзентуе свой «Залаты альбом», а музыкі з ili-ili упершыню пакажуць сваю новую беларускамоўную праграму «list», якую яны падрыхтавалі адмыслова для гэтага вечара.

«Залаты альбом» — першы студыйны CD гурта BosaeSonca. «Доўгі час мы знаходзіліся ў пошуках нашага гучаньня, і як толькі зразумелі, як павінны выглядаць нашы песьні адразу ж пайшлі ў студыю», — тлумачыць лідэр гурта Алесь Кот-Зайцаў. Сваё сучаснае гучаньне гурт прадэманстраваў у самотніку «Золатам», які нядаўна быў прэзентаваны на Tuzin.fm і выклікаў станоўчую рэакцыю ў слухачоў. Пад уплывам ад гэтага ўдалага трэку і вырашана было даць назву ўсяму дыску — «Залаты». «Гэта не таму, што мы імкнемся да глабальнай папулярнасці. Тут хутчэй маецца на ўвазе глыбіня, рамантычнасць і цвёрдасць», — кажа Алесь.

Падтрымае калегаў гурт ili-ili, які адмыслова да гэтага вечара падрыхтаваў цалкам беларускамоўную праграму, якая завецца «list». «Калі з’явілася ідэя нашага супольнага канцэрту з гуртом BosaeSonca, то мы адразу вырашылі згадаць напрацоўкі нашых песень, напісаных па-беларуску і дарабіць іх», — кажа Міхась Зуй. Нядаўна ён ды іншы ўдзельнік гурта Зьміцер Ясеневіч ездзілі ў складзе трупы Купалаўскага тэатру ў гастролі па Францыі, якія цягнуліся 37 дзён. «Як не дзіўна, але менавіта там, на чужыне, беларускамоўныя песні ў нас пісаліся адна за адной, так што ўтварылася паўнавартасная праграма, якую мы і збіраемся прадставіць наведнікам „Жывога Тузіну“», — распавядаюць музыкі.

Источник: пресс-релиз

Группы: ,