Мінскі гурт Recha, напярэдадні вялікага канцэрту, які адбудзецца 27 студзеня ў клубе «Графіці», прэзентаваў у інтэрнэце відэадзённік «Лета 12» і кліп на песню «Няма Беларусі».
«„Лета 12“ — гэта відэадзённік, які паказвае некаторыя паездкі, канцэрты, размовы, што адбыліся мінулым летам, — распавядаюць музыкі гурта Recha. — Стужка рабілася з разлікам найперш на заўзятараў нашай творчасці. Мы намагаліся перадаць бяз прыўкрас атмасферу гастроляў, варункі музычнага жыцця».
Фільм, па словах музыкаў, шмат у чым асабісты і складаецца з архіўных запісаў гурта. «Мы маем надзею, што і выпадковы глядач зможа здабыць колькі прыемных хвілін, гледзячы на калямузычныя прыгоды», — кажуць музыкі.
У дадатак да відэадзённіку гурт выпусціў кліп на песню «Няма Беларусі», у які таксама ўвайшлі кадры, запісаныя падчас паездак Recha па Беларусі.
Гурт Recha існуе з 2002 года. Першым складам Recha з’здзіла ў туры па Польшчы, удзельнічала ў розных конкурсах (ад «Басовішча» да «Бардаўскай восені»), пракацілася па Беларусі і нават трапіла ў Санкт-Пецярбург. Пасля двухгадовага зацішша гурт сабраўся новым складам з нязменнымі ўдзельнікамі Андрусём Такіндангам, Мікітам Кішовым і Кастусём Лісецкім, а таксама з акардыяністам Віктарам Паўлючэням і бубначом Леанідам Паўлёнкам.