Напярэдадні прэзентацыі «Залатога альбому» гурт BosaeSonca прадстаўляе на Ultra-Music «жывое» відэа на песню «Адпусці». Лідар гурта Алесь Кот-Зайцаў распавёў падрабязнасці пра песню і дэбютны альбом.
— Распавядзі пра песню «Адпусці». Як яна была напісаная?
— Менавіта з гэтай песні пачынаецца альбом і, на маю думку, яна другая па важнасці пасля «Золатам». Самае дзіўнае, што напісаў я яе акурат перад паездкай на фестываль «Бардаўская восень», дзе BosaeSonca выступае ўжо традыцыйна штогод. З гэтай песні пачаліся пошукі новага стылю, дзе мы выкарыстоўваем некаторыя прынцыпы электроннай музыкі ў «жывых» аранжыроўках і розныя іншыя рэчы. «Адпусці» — песня, якая прыадчыніла дзверцу ў новы этап гурта.
— Ці аб’яднаныя песні, якія ўвайшлі ў «Залаты альбом», нейкай агульнай ідэяй?
— Уся творчасць БС — гэта, найперш, адпаведны настрой і энергетыка. Прызнаюся шчыра: запісвалі мы шмат якія песні, не маючы ніякага канцэпту будучага альбому. Але ў выніку абралі менавіта тыя, што пасуюць па настроі адна да адной. Спачатку ў мяне была ідэя зрабіць альбом больш модным, сучасным, скласці яго з суцэльна новых трэкаў, не ўключаць некаторыя песні, час якіх у пэўным сэнсе ўжо, можа, прайшоў. Але пасля я ўзважыў, для чаго і для каго ўсё ж мы робім гэты альбом, і вырашыў, што будзе больш правільна трымацца адзінага настрою, атмасферы, чым старацца зрабіць яго максімальна актуальным. Не магу сказаць, што гэта канцэптуальны альбом, але выпадковых трэкаў у ім няма. Усе песні дыхаюць агульным паветрам, тым самым «залатым» колерам.
— Вы доўга рыхтавалі свой альбом. Ці можаце сказаць, што ён атрымаўся менавіта такім, якім хацелі яго бачыць, калі толькі пачыналі працу над ім?
— Калі казаць пра першапачатковыя ўяўленні і задумы, то атрымалася на 40% з таго, што задумвалася, а на 60% — нешта іншае. Зрэшты гэта нармальна, бо творчы працэс і мусіць быць жывым. Да таго ж падчасу працэсу працы над плытай і мэты агулам скарэктаваліся.
Мы сапраўды доўга ішлі да гэтага альбому. У выніку ўсё роўна прыйшлося сябе спыняць са словамі, што «лепшае — вораг добрага». Магчыма, ён атрымаўся ў чымсьці не да канца дасканалым (як і ўсё ў гэтым свеце), але адно я ведаю дакладна: ён атрымаўся сапраўдным, такім, якім быў і ёсць гурт BosaeSonca. Нашу ўласную энергетыку, атмасферу і настрой гэтая плыта, як мне падаецца, ўтрымлівае. І гэта самае галоўнае!
— А што вы ўвогуле жадаеце сказаць слухачам сваёй музыкай?
— 6 гадоў творчага развіцця і працы над «БосымСонцам» навучылі мяне адной вельмі класнай рэчы — пазбягаць сакралізацыі і пафасу ў стаўленні да сваёй уласнай музыкі. Таму я не буду адказваць высокапарна на гэтае пытанне. Калі хтосьці са слухачоў пачуе і адчуе ў «Залатым альбоме» нейкі адмысловы мэсэдж для сябе — супер! Нашая задача перавыкананая :) Калі не — таксама не катастрофа. На свеце столькі неверагодна класнай музыкі створана і ствараецца… Мне проста хочацца дадаць у гэты бяскрайні шэраг парачку трэкаў, вартых, на маю думку, туды патрапіць ;)
Канцэртная прэзентацыя «Залатога альбому» гурта BosaeSonca адбудзецца 24 студзеня у межах праекту «Жывы Тузін» ў Loft café.