1 траўня ў Loft café у межах праекту «Жывы Тузін» дуэт «Аляксандра і Канстанцін» пры ўдзеле запрошаных музыкаў прадставіць ужывую свой новы альбом «M1».
Першыя прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні» рэдка выступаюць з сольнымі канцэртамі, хоць пастаянна гастралююць па іншых краінах, удзельнічаюць у разнастайных музычных праектах і нястомна працуюць у студыі. Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза тлумачаць, што вялікі канцэрт для іх вельмі адказная справа, якая вымагае шмат сілаў для падрыхтоўкі. А таму — мусіць быць важкая нагода для яго.
— Праца над новымі творамі вялася некалькі год і за гэты час атмасфера між намі і нашымі песнямі наэлектрызавалася да вышэйшай кропкі. Так што прыспеў час падзяліцца сваімі самымі актуальным музычнымі думкамі і публічна выканаць праграму на мяжы гэтага накалу, — кажа Аляксандра.
1 мая ў Loft cafe дуэт выступіць у пашыраным складзе. Да яго далучацца сапраўдныя майстры сваёй справы: бубнач Аляксандр Старажук, які граў у гуртах «Палац» і «Ляпіс Трубяцкой», басіст Вячаслаў Сяргеенка (WZ-orkiestra, Tanin Jazz, «У нескладовае») і джазавы піяніст Дзмітры Хаменка.
Госцем вечара будзе каманда «БарЖоМі», якая грае меладычную інструментальную музыку. У назве праекту зашыфраваны тры гарады, з якіх паходзяць удзельнікі — Барысаў, Жодзіна і Мінск. Выступ гэтай фармацыі на чале з гітарыстам-віртуозам Аляксандрам Атчанашанкам таксама можна лічыць унікальным, бо «БарЖоМі» лічыцца студыйным праектам і на сцэне паказваецца вельмі рэдка.