На лэйбле Foundamental.net выйшаў альбом імправізацыйнага дуэту Віктара Сямашкі й Эрыка Арлова-Шымкуса. Імем для рэлізу стаў дыялектны выраз з Лагойшчыны «Шэтар ды Пэтар» (тое самае, што й «шум-гам»).
Матэрыял для альбому быў запісаны ў менскім арт-буфеце NewTon у ліпені 2012 году. Гучаньне альбома напаўакустычнае-напаўэлектроннае: задзейнічаныя духавыя інструмэнты, кантрабас, пэркусія, электронныя лупы й кішэнны сынтэзатар Korg Monotrone. У стылістыцы адчуваюцца элемэнты барока, эмбіэнту і джазу. Кампазыцыі ствараліся ў працэсе граньня ды пры поўнай абстрагаванасьці публікі, якая была занятая гульнёй flixa.
Эрык Арлоў-Шымкус — адзін з самых запатрабаваных айчынных кантрабасістаў. Грае з гуртамі «Князь Мышкін» і Vuraj, ансамблем Classic-Avantgarde, з бардамі Віктарам Шалкевічам і Палінай Рэспублікай.
Віктар Сямашка — сольны выканаўца, духавік. Супрацоўнічае з фармацыямі Mouches a l’orange, «Балцкі субстрат», з бардамі Андрэем Касьценем і Раманам Ярашам.