Пасля трохгадовага перапынку ў Віцебску зноў пройдзе No Logo Fest — фестываль альтэрнатыўнай музыкі, мэтай якога стане вызначэнне лепшых гуртоў Віцебскага рэгіёну. Спецыяльнымі гасцямі фэсту будуць «Дай Дарогу!», Akute, Clover Club, Sciana і іншыя.
— У гэтым годзе мы вырашылі паспрабаваць новую формулу адбора гуртоў, — распавядае адзін з арганізатарў фестывалю Уладзімір Булаўскі. — Раней мы ў асноўным самі вызначалі гурты, што прымуць удзел у No Logo Fest: адсочвалі самыя актыўныя і папулярныя з іх ў рэгіёне і запрашалі выступіць. Але ў гэтым годзе мы паспрабавалі пераняць вопыт легендарнага фестывалю «Рок-кола», што калісьці праводзіўся ў Полацку, і абвесцілі сярод музыкаў Віцебскай вобласці адкрыты прыём заявак.
У выніку свае заяўкі даслалі каля 40 гуртоў, з якіх арганізатары адабралі 9 для ўдзелу ў конкурснай праграме, а яшчэ 5 вызначылі аматары альтэрнатыўнай музыкі з дапамогай галасавання. Такім чынам, у кожны з конкурсных дзён выступіць па 7 гуртоў, а ў фінал трапяць па 2 калектывы.
Вырашаць, хто стане пераможцам No Logo Fest, будзе экспертнае журы, у склад якога ўвайшлі Вячаслаў Радзівонаў (галоўны рэдактар музычнага парталу Ultra-Music), Зміцер Безкаравайны (музычны крытык, заснавальнік прэміі Experty.by), Зміцер Назараў (арганізатар фестывалю Men’s Fest), Гарык Аганджанян (заснавальнік Beatles-клубу ў Віцебску), Павал Свярдлоў (музычны эксперт). Акрамя стандартнага размеркавання па месцах і дыпломаў, арганізатары плануюць для кожнага з удзельнікаў фіналу падрыхтаваць адмысловы прыз, а для пераможцаў узнагародай будзе грашовая сума, якая дазволіць запісаць якасны EP.
Адной з адметных рысаў No Logo Fest стане ўдзел спецыяльных гасцей фестывалю — гуртоў «Дай Дарогу!», Akute, Yellow Brick Road, Clover Club, Sciana, Amaroka.
— Крытэрам запрашэння хэдлайнераў для нас былі вынікі шматлікіх у гэтым годзе музычных прэмій, — адзначае Уладзімір Булаўскі. — Мы намагаліся сабраць у Віцебску лепшыя гурты Беларусі, і лічу, што гэта нам удалося. Мы разлічваем, што дзякуючы гэтаму, фестываль збярэ аматараў альтэрнатыўнай музыкі ня толькі з Віцебску, але і з іншых гарадоў.
Месцам правядзення фестываля стане новы клуб «Планета», які адкрыўся ў траўні.