Фолк-фэст «Камяніца» адсвяткуе пяцігоддзе

Пяты фолк-фэст «Камяніца» адбудзецца ў першыя выходныя верасня. У гэтым годзе мерапрыемства ўпершыню выйдзе за межы аднаго дня, на пляцоўцы з’явіцца намётавы гарадок і шэраг іншых прыемных удасканаленняў.

Фестываль традыцыйна адбудзецца на маляўнічай пляцоўцы Музея народнай архітэктуры і побыту ўсяго ў 4 км ад Мінска, дзе пад адкрытым небам можна пабачыць самую вялікую ў Беларусі калекцыію аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII–XX стагоддзяў. Усе сродкі ад продажу квіткоў, як і ў мінулыя гады, пойдуць на рахункі музея, дапамагаючы захоўваць унікальныя экспанаты.

Юбілейная «Камяніца» ўпершыню будзе доўжыцца два дні. На тэрыторыі фэстывалю з’явіцца намётавы гарадок, квіткі можна будзе набыць загадзя, а выступы будуць адбывацца на некалькіх сцэнах. На «Камяніцы» можна будзе пабачыць лепшых прадстаўнікоў беларускай фолк-сцэны і шэраг замежных гасцей, імёны якіх арганізатары пакуль што трымаюць у сакрэце. У 2011 годзе на фэсце выступаў Алег Скрыпка (Украіна) з этна-дыскатэкай, у 2012 годзе — гурт «Іван Купала» (Расія) з праграмай паводле песень Палесся.

— Фестываль расце і пашыраецца. Зараз гэта не ўнутрыбеларускае, а міжнароднае мерапрыемства. Гэта не толькі музыка і аўтэнтычны пейзаж, але таксама кухня і жывапіс, гульні і рамёствы. Будуць новыя рэчы і ў гэтым годзе. Але галоўная каштоўнасць «Камяніцы» была і застаецца нязменнай — мы жадаем данесці да гледачоў унікальную атмасферу гармоніі, якую мы атрымліваем ад народных песень і традыцый, — адзначае каардынатар фэстывалю Сяргей Чэгрынец.

Ужо адчынены прыём замоваў на ўдзел у фэсце ад музыкаў, мастакоў, народных майстроў і іншых творчых людзей. Свае партфоліа з кантактамі дасылайце на адрас [email protected]. За навінамі «Камяніцы» можна сачыць на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках Facebook і Vkontakte.

Источник: пресс-релиз

Темы: