«БагнаКрай»: новая назва, новыя песні

Гурт «Багна» канчаткова вызначыў свой шлях у накірунку беларускамоўнага трэш- і паўэр- металу і змяніў назву на «БагнаКрай». Першым рэлізам абноўленага гурта стаў EP «Сардэчна запрашаем у пекла», выкладзены ўчора ў інтэрнэце.

— Пасля выхаду сінгла «Багны» «Важак» было шмат водгукаў, асноўны з якіх «Гэта не тая „Багна“, якую мы памятаем, гэта лепш». Так і ёсць, бо цяпер гурт — гэта не тая класічная троіца ў складзе: Берсеркер, Дземан (вусаты) ды Валера з «эйр-драмс». Гэта не той трУ-мИтал, які пакарыў розум прасцейшай музыкай, не той узровень. Таму пасля некаторых разважанняў было вырашана змяніць назву на «БагнаКрай», — распавядае Мікалай «Крот» Кротаў.

Пры гэтым Мікалай не спыняе працу ў сваім асноўным праекце PunKrot, які працягне рухацца у накірунку панк-року, граць канцэрты ды пісаць новыя песні.

У выдадзены мінён «Сардэчна запрашаем у пекла» ўвайшлі тры новыя беларускамоўныя песні. Усе яны былі запісаныя пад кіраўніцтвам гітарыста Яўгена Сіроты, які займаўся яго звядзеннем і мастырынгам.

— Чаму песні менавіта беларускамоўныя? Каб было зразумела, што перад вамі беларускі гурт. Бо было пытанне: чаму гэта беларускі метал, а спяваюць па-рускі? Вось і вырашылі, што калі гурт беларускі і мае дачыненне да беларускай музычнай культуры, то павінен быць беларускамоўным, — зазначыў Мікалай.

Автор: / Ultra-Music

Группы: