Гурт «СныОпоСсума» атрымаў гран-пры No Logo Fest

У Віцебску завяршыўся No Logo Fest. У межах фестывалю прайшоў конкурс маладых гуртоў Віцебскага рэгіёну, гран-пры якога атрымаў гурт «СныОпоСсума».

Фестываль альтэрнатыўнай музыкі No Logo Fest вярнуўся пасля трохгадовага перапынку. Арганізатары пашырылі маштабы мерапрыемства і правялі фэст у тры дні, а канцэрты адбыліся на новай пляцоўцы — у клубе «Планета».

У першы дзень за перамогу ў конкурсе змагаліся віцебскія гурты De Puta Madre Banda, Shuffle Steps, Lovepunk, Syomi, «Уяві сабе», палачане Freelite і «АРИна РАДИО» з Воршы. Апошнія разам з гуртом Syomi атрымалі найбольшую колькасць балаў журы і трапілі ў фінальнае галасаванне. Пасля іх выступілі запрошныя госці — мінскія каманды Clover Club і Yellow Brick Road.

Другі дзень завяршыўся канцэртамі «Пани Хиды», «Сьцяны» і Akute. А перамогу ў барацьбе з гуртамі «ИО», Triadéma (абодва — Віцебск), «s.Ы.R.o.e.» і Steavy Gred (абодва — Наваполацак) атрымалі мясцовыя гурты VelYur і «СныОпоСсума».

Менавіта гурт «СныОпоСсума» стаў па выніках двух конкурсных дзён фаварытам журы, ў склад якога ўвайшлі Вячаслаў Радзівонаў (галоўны рэдактар музычнага парталу Ultra-Music), Павал Свярдлоў (музычны эксперт), Зміцер Назараў (арганізатар фестывалю Men’s Fest), Гарык Аганджанян (заснавальнік Beatles-клубу ў Віцебску) і Уладзімір Булаўскі (арганізатар No Logo Fest). Першае месца дасталося гурту Syomi, другое — «АРИна РАДИО», а трэцяе — VelYur.

— Зараз пры дапамозе інтэрнэту межы паміж гарадамі сцёртыя. Але ўсё адно паміж Мінскам і рэгіёнамі, на жаль, не дастаткова сувязі. Таму мне вельмі цікава было паглядзець на маладыя гурты з поўначы краіны, якія не так часта можна ўбачыць у сталіцы, — кажа Вячаслаў Радзівонаў. — Узровень удзельнікаў конкурсу апынуўся даволі высокім. Але некаторым гуртам не хапае арыгінальнасці, іншыя яшчэ не вельмі ўпэўнена выглядаюць на сцэне. Апроч таго, гук у новым клубе часам не дазваляў напоўніцу ацаніць здольнасці музыкаў. Па падачы спадабаліся Freelite, Syomi, «АРИна РАДИО». Але найбольш прафесыйна і цікава, на мой погляд, выглядаў як раз гурт-пераможца — «СныОпоСсума». З гэтым пагадзіліся і іншыя сябры журы.

У выніку гурты «СныОпоСсума» і Syomi зноў выступілі на канцэртнай пляцоўцы No Logo Fest. У апошні дзень фестывалю яны прынялі ўдзел у гала-канцэрце разам з Amaroka і «Дай Дарогу!»

Автор: / Ultra-Music

Группы: , , ,

Темы: