«Маленькія ненармальнасці» гурта «Джына»

Мінскі гурт «Джына» прэзентуе на Ultra-Music EP «Жывёла — добры фрэнд». У рэліз увайшлі 3 трэкі, а ідэяй запісу, па словах музыкаў, сталі «маленькія ненармальнасці» кожнага чалавека.

Музыкі гурта «Джына» граюць разам 3 гады. Першапачаткова гурт выконваў каверы на Queens of the Stone Age і Tool, ствараў свае першыя «протапесні» і шукаў свой стыль. Актыўная фаза існавання гурта пачалася адносна нядаўна, а вынікам гэтай працы стаў дэбютны міньён.

— Агульнай ідэяй запісу сталі маленькія ненармальнасці, якія ёсць у кожнага з нас, — адзначае бубнач і аўтар тэкстаў Кіріл Раманчук. — Гэта разам мы такія моцныя, цвёрдыя, магутныя. Але паасобку мы уяўляем сабой не вельмі радасную матэрыю. Матэрыю, якая напоўнена фобіямі, варожасцю да навакольнага свету і натуральным хаосам. Як бы мы не намагаліся падаўляць у сабе ўсё гэта, але яно кіруе намі і нашым светаўспрыманнем.

Музыкі адзначаюць, што іх песні не нясуць канкрэтнага пасылу, але дэманструюць сродкі абароны ад знешніх і ўнутраных непрыяцеляў: неабходна даведацца, прызнаць іх і смяяцца з тых, хто ўнутры і тых, хто звонку.

— Працавалі над запісам мы адносна доўга, некалькі месяцаў. Было вырашана ўсё рабіць самастойна, але у нас не было аніякага разумення аб тым, што рабіць з гукам і як з ім працаваць, навучаліся літаральна на хаду, — узгадвае вакаліст і клавішнік Сяргей Іваноў. — У некаторым сэнсе, гэтая кружэлка — пробны камень, яе нельга успрымаць як канчаткова абраны намі шлях развіцця.

Акрэсленых планаў на будучыню ў гурта «Джына» пакуль няма.

— Мы нічога не плануем, пішам песні і ўсё яшчэ вучымся граць, развіваем музычную фантазію, спрабуем розныя падыходы да напісання песен. А што далей — будзе бачна, — кажа Сяргей Іваноў.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Джына «Жывёла — добры фрэнд»

Джына «Жывёла — добры фрэнд»

Скачать альбом