Гурт Pirouette выдаў імпрэсіяністычны сінгл

Брэсцкі гурт Pirouette прэзентаваў на сайце Еўрарадыё сінгл, які складаюць песні «Белая» і «Вертолёты». Пазней ён стане часткай новага ЕР каманды, які з’явіцца праз некалькі тыдняў.

— Песні носяць умоўна асабісты характар, у тым плане, што яны не распавядаюць пра нейкія канкрэтныя падзеі, ідэі ці людзей, — дае характарыстыку трэкам іх аўтар і гітарыст гурта Юрый Карагода. — Яны, хутчэй, свайго роду імпрэсіянізм. То бок, мы намагаемся паказаць нейкае адчуванне чалавека ў пэўны момант яго жыцця ці роздумаў.

Паўгода таму ў Pirouette выйшаў дэбютны міні-альбом. На думку Карагоды, абодва ЕР маглі б скласці паўнавартасны дэбютны альбом гурта. Аднак на сёння музыкі сумняваюцца ў мэтазгоднасці выпуску дыскаў. Маўляў, гэта доўгі працэс. І пакуль запісваеш адны песні, іншыя падаюцца старымі і не надта актуальнымі. На дадзены момант, кажа Юра, Pirouette ставіць перад сабой задачу вызначыцца з адказам на пытанні «хто мы?» і «дзеля чаго гэта робім?»

— Мы пакуль яшчэ самі не разумеем, дзеля чаго мы існуем як гурт, — кажа Юрый Карагода. — У нас пастаянна змяняюцца мэты, задачы і інтарэсы. Мы спрабуем сабраць пэўны матэрыял, 10–12 песень, і, галоўнае, зрабіць з ім нешта такое, каб у яго быў свой твар. І ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі паспяхова гэта будзе ў нас адбывацца.

Канцэртная прэзентацыя сінгла адбудзецца падчас Men’s Fest, што пройдзе ў Берасце 12 кастрычніка.

Источник: Еврорадио

Группы: