Фолк-фэст «Камяніца» абвясціў забаўляльную і арт-праграму

Арганізатары фолк-фэста «Камяніца» абвяесцілі мастацкую і забаўляльную праграму на вялікі фестывальны дзень, які адбудзецца 7 верасня з удзелам гуртоў «Палац», «ДахаБраха», Orkiestra św. Mikołaja і іншых вядомых выканаўцаў.

Усе забаўляльныя пляцоўкі пачынаюць сваю працу а 12-й гадзіне. Гледачоў чакаюць кропкі народных рамёстваў, школа танцаў, стральба з лукаў і арбалетаў, рыцарскія турніры, дзіцячая пляцоўка, майстар-класы па вырабленні традыцыйных лялек і шмат іншага.

У межах мастацкай праграмы можна будзе пабачыць выставы трох мастачак з Віцебска — Кацярыны Маркевіч, Ганны Зенчанка і Інгі Карашкевіч. Іх аб’ядноўвае цікавасць да Беларусі, яе гісторыі і прыгажосці. Будуць выстаўленыя працы рознага характару: пейзажы, партрэты, нацюрморты. Большасць з іх вытрымана ў жанры рэалістычнага жывапісу.

Таксама будзе прадстаўлена незвычайная фотавыстава «Радавод. Успамін пра Вялікае Княства Літоўскае», створаная Алегам Белавусавым. Ён «ажывіў» партрэты славутых гістарычных асобаў Вялікага Княства Літоўскага 14–17 ст. з дапамогай сучасных людзей. На здымках можна ўбачыць Вітаўта, Андрэя Полацкага, Барбару Радзівіл, а таксама простых гараджан, музыкаў, вяскоўцаў. Працы імітуюць стылістыку партрэтнага жывапісу 16 ст.

У межах фестываля ў Пакроўскай царкве музея ўпершыню пасля рэстаўрацыі будзе выстаўлена ўнікальная ікона «Божай Маці Замілаванне». Яна была створана ў канцы 17 ст. і знаходзілася ў царкве ў вёсцы Вялец Глубокскага раёну Віцебскай вобл. Гэта ікона вылучаецца рэдкім спалучэннем традыцый праваслаўнага і заходнееўрапейскага жывапісу.

Нагадаем, што ў музычнай праграме фэста на галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты «Палац», «Стары Ольса», Guda, а таксама замежныя госці: «ДахаБраха» і «Фолкнери» (Украіна), Orkiestra św. Mikołaja (Польшча), Hvarna (Расія). На малой — дзіцячыя фолк-калектывы з розных куткоў краіны. Грошы за ўваход ідуць на рахункі Музею народнай архітэктуры і побыту, дамапагаючы захоўваць драўляныя экспанаты 18–20 вякоў.

Источник: пресс-релиз

Фото: Денис Зеленко

Темы: