У Мінску прэзентуюць фільм пра беларускі джаз

17 верасня ў сталічным Loft café адбудзецца прэм’ера фільма «Бульбяны джаз». Рэжысёр стужкі Віталь Карабань прызнаецца, што ідэя стварэння падобнага фільма ўжо даўно абмяркоўвалася з музыкамі на кухнях. І вось нарэшце знайшліся аднадумцы, сябры, знаёмыя, якія дапамаглі сабраць патрэбнае абсталяванне і пачаць здымкі.

div class="embed-responsive embed-responsive-16by9">

— Зміцер Падбярэзскі нам распавядаў, што было з беларускім джазам раней, яшчэ да нас. Таксама ўдзельнічаюць музыкі Apple Tea. Ну, і мы ўзялі джаз не толькі як музычны напрамак, але і як асобную культуру, таму вырашылі дадаць у фільм танцы. За ліндзі-хоп у стужцы адказвае Дзяніс Іскарцаў, які першым пачаў вучыць беларусаў гэтаму танцу, — распавёў Еўрарадыё Віталь Карабань.

Праца над 26-хвіліннай стужкай вялася на працягу апошняга года. Пасля прэзентацыі «Бульбянога джазу» рэжысёр плануе паспрабаваць паўдзельнічаць з фільмам у розных фестывалях кароткаметражнага дакументальнага кіно. А вось што будзе са стужкай далей, ніхто не ведае.

— Каб аддаць яго на нашае тэлебачанне, трэба безліч розных паперак атрымаць ад Міністэрства культуры, — з усмешкай тлумачыць нявызначанасць Віталь. — Таму ў Беларусі яго наўрад ці чакае нейкі пракатны лёс. Будзе адзіная прэзентацыя і ўсё!

Дарэчы, уваход на прэм’еру ў Loft café бясплатны. За музычнае афармленне вечара будзе адказваць Косця Валковіч і Real Jazz Band. Таксама чакаецца выступ Аляксандры Захарык і Міхаіла Філіпені (Apple Tea) ды спецыяльны госць, якога пакуль трымаюць у сакрэце.

Источник: Еврорадио