Гурт Akute ў кастрычніку дасць шэраг канцэртаў на заходнім ад Беларусі напрамку, а 16 лістапада — вялікі сольны выступ у Мінску.
Балтыйскі міні-тур калектыву пачнецца 3 кастрычніка з канцэрта ў Вільні — гэта будзе першы сольны канцэрт Akute ў літоўскай сталіцы. Потым музыкі ўпершыню наведаюць Латвію: 4 кастрычніка яны выступяць у Рызе, а 5 кастрычніка — у Ліепаі. 19 кастрычніка адбудзецца першы выступ Akute ў Варшаве.
— Міні-тур дапаможа нам падрыхтавацца да вялікага канцэрта ў мінскім клубе Re:Public, які адбудзецца 16 лістапада. У межах гэтых выступаў плануем спрабаваць зусім новыя песні і тэхнічныя моманты, якія потым можна будзе пачуць і ў Мінску, — распавядае бас-гітарыст гурта Раман Жыгараў.
Зараз Akute працуюць над трэцім студыйным альбомам. Папярэдні паўнафарматнік «Не існуе» выйшаў у красавіку 2012. Яго поспех дапамог калектыву атрымаць увясну адразу чатыры ўзнагароды «Гурт года» — па версіях Tuzin.fm, «Даём рады», Ultra-Music Awards і Rock Profi.