Зміцер Сасноўскі: «„Santa Maria“ — першы альбом, які мы зрабілі без прадусараў»

Гурт «Стары Ольса» запісаў першы альбом за апошнія пяць гадоў. Музыкі прызналіся, што за гэты час падрыхтавалі шмат новых кампазіцый і гатовыя прадставіць неўзабаве яшчэ адзін альбом.

Стары Ольса

Увесь назапашаны матэрыял гурт падязляе на дзве тэматычныя часткі: палацава-камерная музыка і спевы рознага паходжання і розных стагоддзяў.

— У першую чаргу, мы вырашылі запісаць рэнесанс і барока. З наступнай восені мы возьмемся запісаць песенную спадчыну: гэта ў асноўным застольныя і рыцарскія песні, — кажа заснавальнік гурта Зміцер Сасноўскі.

У новы альбом «Santa Maria» ўвашлі 13 твораў. Больш за палову кампазіцый узятыя з вядомага зборніка барочнай музыкі «Полацкі сшытак», творы з якога трывала ўвайшлі ў партытуры польскіх і нават нямецкіх музыкаў. Адна кампазіцыя запісаная паводле «Віленскага сшытку» — ананімнага зборніку п’ес для сольнага і ансамблевага выканання, які быў складзены ў Вільні ў 1600 годзе.

— Гэта кампазіцыя сведчыць пра незадаволенасьць аматараў музыкі ў Вялікім княстве Літоўскім той колькасцю італьянскай музыкі, якая да нас трапляла, — тлумачыць Зміцер Сасноўскі. — Так з’явіўся танец «Saltarello», аўтарам якога, верагодна, з’яўляецца беларускі кампазітар Дыямед Катон. Нашыя музыкі пачыналі ўжо ня проста ствараць музыку, стылізуючы пад французскую ці нямецкую, але пачалі пісаць ужо свае танцы, але пад італьянскімі назвамі.

На фоне ўсіх твораў на новым альбоме вылучаюцца і дзве песні, адна з якіх дала назву дыску.

— Гэта не вельмі ўласцівыя для нашага рэпертуару творы. За 14 гадоў існавання гурта у нас было ўсяго толькі дзве рэлігійныя песні: гімн «Багародзіца» і псальм «Монаршэ Вечнэму», адпаведна XV і XVI стагоддзяў. У новы альбом трапiлi яшчэ дзьве песні духоўнага зместу: «Ave Maria» і «Santa Maria», — дадае Зміцер Сасноўскі.

Альбом запісваўся на студыі Sunflowers гукарэжысёрам Віталём Кулеўскім, працай з якім гурт «Стары Ольса» вельмі задаволены. Па словах музыкаў, гэта самы якасны па гучаннi альбом за ўсю дыскаграфію гурта. Таксама «Santa Maria» адрозніваецца ад папярэдніх запісаў тым, што альбом цалкам спрадусаваны музыкамі самастойна.

— Гэта першы альбом, які мы зрабілі без прадусараў і спонсараў I на які ўплывалі толькі нашыя асабістыя эстэтычныя, навуковыя, даследчацкія погляды. Мы запісалі яго самастойна у фінансавым сэнсе, і, адпаведна, не мелі абавязкаў прыслухоўвацца да думак іншых людзей. Мы трошкі падраслі ў сэнсе тэхнічнага выканання, навуковага даследавання, паглыблення ў традыцыі XVI–XVII стагоддзя, — кажа Зміцер Сасноўскі.

Прэзентацыя дыску адбудзецца 17 лістапада ў ДК МАЗ, пасля чаго гурт «Стары Ольса» дасць шэраг выступаў у абласных цэнтрах Беларусі.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Александр Жданович

Группы: