Адзіныя на сёння прадстаўнікі беларускага сёрф-року — гурт The Silicon — прэзентаваў на «Еўрарадыё» сінгл «Gigano Stomp».
— Атрымалася добрая інструментальная кампазіцыя ў стылі сёрф. Такі беларускі сёрф, — смяецца лідар гурта, гітарыст Зміцер Паплаўскі. — Бо, як ні круці, месца жыхарства, краіна ўсё роўна адбіваюцца на музыцы. Музыка амерыканцаў мае свой каларыт. У нашай музыцы — наш, беларускі, з нашым надвор’ем і ветрам з Мінскага мора.
Песня папярэднічае новаму альбому трыа, выхад якога чакаецца на пачатку наступнага года. У пакуль безназоўную пласцінку ўвойдзе 12 кампазіцый. Па словах Паплаўскага, песні будуць разнастайнымі па настроі.
— І каўбоі будуць скакаць па пустынях, і некаторыя героі ў песнях закахаюцца, — інтрыгуе музыка.