Гурт Guda выдаў альбом вясельных сьпеваў

Гурт Guda выдаў ўнікальны праект зь вясельнымі сьпевамі. Гэты альбом запісаны ўпершыню дзевяць год таму, але па сканчэньню працы ўвесь матэрыял адправілі на сьметнік, паведамляе Tuzin.fm.

Праект «Вясельле» прадстаўляе беларускую вясельную традыцыю ў разнастайнасьці рэгіянальнага гучаньня. Плыта прызначана для тых слухачоў, якія хацелі б увасобіць элемэнты традыцыйнага вясельля на сваім сьвяце. Выданьне зьмяшчае абрадавыя вясельныя сьпевы і музыку, а таксама апісаньні цікавых фрагмэнтаў вясельля, падыходзячых для ўвасабленьня ў сучасных умовах.

— Нацыянальная спадчына належыць кожнаму з нас і кавалачак гэтага скарбу можна мець як частку асабістай гісторыі! Таму публічнае прайграваньне плыты на вясельлях толькі ўхваляецца! Увесь матэрыял прызначаецца для асабістага асэнсаваньня і ўвасабленьня, — кажа кіраўнічка «Гудаў» Вікторыя Міхно.

Гэты ўнікальны праект мог пабачыць сьвет значна раней. У 2005 была запісана першая вэрсія альбому. Па сканчэньні працы ўвесь матэрыял быў выкінуты на сьметнік. Вікторыя кажа, што паслухаўшы тую рэдакцыю плыты сьпявачкі вырашылі, што нечага бракуе. Праўда чаго менавіта – незразумела.

— Мы працягнулі «бадзяцца ў цемры», шукаючы невядома што. У працэсе пошукаў была падрыхтаваная цэлая плеяда таленавітых сьпявачак і дзякуючы іх незвычайнаму таленту, выканальніцкаму майстэрству і майстэрству пераўвасабленьня, паглыбленьню ў традыцыю праект сёньня пабачыў сьвет. І мы знайшлі адказы на свае пытаньні! Гэта быў самы складаны наш праект, — распавядает Вікторыя Міхно.

«Вясельле» — трэці альбом гурта Guda. Папярэднія — «Архаічныя абрадавыя сьпевы» (2002; перавыдаваўся ў 2007) , «Ігры багоў» (2005) . Таксама быў супольны рэліз Guda і расейскага гурта раньняй музыкі Drolls пад назвай «Zаra», што выйшаў у Пецярбурзе ў 2006.

У запісе плыткі «Вясельле» ўзялі ўдзел 10 сьпявачак: Вольга Емяльянчык, Любоў Сівурава, Кацярына Акімава, Тацяна Яцкевіч, Вольга Тарасевіч, Ганна Сілівончык, Дар’я Зуева, Наста Шпілеўская, Натальля Краўцова і Вікторыя Міхно. Усе яны па выніку вельмі ганарацца тым гучаньнем, якое было дасягнута на дыску. Праект падтрымаў «Беларускі народны банк».

Прэзэнтацыя «Вясельля» адбудзецца 2 сакавіка ў моладзевым тэатры эстрады ў Менску. Да сьпявачка далучацца іншыя музыкі і танцоры — Алесь Лось, Аляксей Крукоўскі, Дзяніс Сухі, Вераніка Анцылеўская і Стас Чавус. Адмыслова да гэтага канцэрту Guda абвесьціла кастынг вясельнікаў — тых, хто зьбіраецца браць шлюб цягам бліжэйшага месяца. Ім будзе падаравана магчымасьць паўдзельнічаць ў канцэртнай праграме і адчуць магію старажытнага вясельнага абраду. Падрабязнасьці ў суполках гурта на Facebook і Вконтакте, а таксама праз тэлефон +375 29 6082556.

Источник: Tuzin.fm

Группы: