Гурт Akute абвесціў назву новага альбому. Плытка будзе называцца «Reaĺnaść i sny», а яе прэзэнтацыя адбудзецца 11 красавіка ў менскім клюбе Re:Public, паведамляе Tuzin.fm.
Як спадзяюцца музыкі, сам рэліз «Reaĺnaść i sny» пабачыць сьвет раней. Зараз праца даводзіцца да ладу і адбудоўваецца канчатковы трэк-ліст.
У прэзэнтацыі таксама возьме ўдзел гомельскі электроншчык (((О))), які здабыў адзін з самых істотных прызаў на нядаўных узнагародах Experty.by — альбом году па вэрсіі замежных экспэртаў. «Мы запрасілі праект Мікіты Васільева, бо бачылі яго выступ, да таго ж ён робіць рэмікс на адну з песень будучага альбому», — патлумачыў Tuzin.fm басіст Akute Раман Жыгараў.