Метал-гурт Hok-key выпусціў чацвёрты альбом, які атрымаў назву «Znak biady». У яго ўвайшлі 11 кампазіцый, дзесяць з якіх на беларускай мове.
— Ідэя новага альбому нарадзілася яшчэ ў 2010 годзе, калі запісваўся EP «Спадчына». Натхніўшыся вынікамі спалучэння беларускіх этнічных матываў з цяжкімі рыфамі, гурт працягнуў рух у гэтым накірунку, — распавядаецца ў прэс-рэлізе да альбому. — Назва кружэлкі абумоўлена перажываннямі аб стане нацыянальнай культуры і нашай спадчыны. Заняпад народнай самасвядомасці і абыякавасць да сваіх каранёў — гэта і ёсць знак бяды. Як казаў славуты Францішак Багушэвiч: «Не забывайце ж мовы нашай роднай, каб не умёрлі».
Музыкі адзначаюць, што ўсе песні альбома напісаныя ад душы, і кожная з іх — гэта сцэнар з розных эпох. У запісу альбому, апроч сталых удзельнікаў гурта Hok-key, прынялі ўдзел бэк-вакалістка Scorpions Алена Працко і Кірыл Нікееў з расійскага гурта Beer Bear. Саўндпрадусарам альбому выступіў бас-гітарыст Hok-key Аляксандр Волчак, а звядзенне і майстарынг адбываліся на студыях у Санкт-Пецярбургу ды Лiсабоне.
Прэзентацыя альбома «Znak biady» адбудзецца 28 красавіка ў мінскім клубе «Піраты».