Украінскі саўндпрадусар Уладзіслаў Ярун, вядомы па працы з гуртамі «Океан Ельзи», «Тік», «Ляпіс Трубяцкі», зрабіў свой выбар сярод фіналістаў конкурсу «Заспявай.BY». Ён адмыслова прыедзе ў Менск на некалькі дзён, каб папрацаваць з пераможцам конкурсу ў студыі.
Спіс фіналістаў конкурсу для маладых беларускіх музыкаў (да 25 год), які ладзіць партал Tuzin.fm i фонд «Вяртанне» пры падтрымцы беларускага партала TUT.BY, вызначыла журы. У шорт-ліст патрапілі кампазіцыі Віталя Варанко, Лізаветы Леўчык і рэпера Sp Kava. Паводле творчага задання конкурсу, удзельнікі мусілі пакласці на музыку верш беларускага сучаснага паэта.
— Усе песні фіналістаў рознапланавыя, пры гэтым адначасова ўсе цікавыя, — адзначае Ярун. — Я хацеў бы, каб у маёй працы над песняй пераможцы быў сэнс, каб я даў рады зрабіць яе яшчэ больш прыгожай. У гэтым і ёсць задача саўнпрадусара — удасканаліць класны твор. Мне прыйшліся даспадобы ўсе тры песні, дужа пекна выйшла ў кожнага, хачу абавязкова гэта падкрэсліць. Чыста прафесійна і да душы мне найбліжэй з усіх кампазіцыя ў выкананні Віталя Варанко.
22-гадовы спявак і баяніст Віталь Варанко, навучэнец 4-га курсу Беларускай акадэміі музыкі, для конкурсу паклаў на музыку верш «Вяртайся» аўтарства Віталя Рыжкова і запісаў у хатніх умовах дэма-вэрсію песні, якая скарыла журы ўлучна з Уладам Яруном.
Лаўрэаты конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы — камплект прафесійнага студыйнага абсталявання Focusrite Scarlett Studio, у які ўваходзіць мікрафон, гукавы інтэрфэйс і маніторныя навушнікі. Пераможца конкурсу Віталь Варанко разам з запрошанымі музыкамі папрацуе разам з Уладам Яруном на мінскай студыі «Селах». Прэзентацыя фінальнай версіі песні «Вяртайся» адбудзецца на парталах Tuzin.fm і Tut.by у ліпені. Улетку таксама мяркуецца зладзіць канцэрт з удзелам усіх трох фіналістаў конкурсу «Заспявай.BY».