Гурт Bristol выдаў дэбютны EP

Мінскі інды-гурт Bristol прэзентаваў на сайце «Еўрарадыё» дэбютны максі-сінгл «Цырульня свету». Ён складаецца з чатырох беларускамоўных песень, дзве з якіх — кавер-версіі.

Адмыслова для ЕР лідар гурта Алег Вяль зрабіў пераклад песні «Video Games» амерыканкі Lana Del Rey ды песні «Out of Time» свайго былога гурта Hair Peace Salon.

— Мне захацелася паспрабаваць нешта новае, нешта змяніць у сваёй творчай працы, — тлумачыць Алег. — Я падумаў, што музыку наўрад ці атрымаецца памяняць, бо яна ўва мне, ды і інструменты ў абодвух гуртах тыя ж самыя, а вось мовай можна неяк усё гэта абыграць. І мне падаецца, што атрымалася. Ва ўсялякім выпадку, я задаволены тым, як гучаць на беларускай мове гэтыя трэкі.

Праца над усімі трэкамі ЕР вялася яшчэ калі гурт Нair Рeace Salon не сышоў у бестэрміновы творчы адпачынак, адсюль і назва максі-сінгла «Цырульня свету» (англ. hair peace salon). Гэтым рэлізам музыкі хочуць «абазначыць заканчэнне аднаго і нараджэнне іншага этапу ў музыцы».

Цяпер Bristol пачынае працаваць над дэбютны паўнавартасным альбомам. Праўда, пакуль музыкі не маюць ні прыкладных дат, ні адпрацаванага матэрыялу, «ёсць толькі моцнае жаданне», прызнаецца Алег.


Спампаваць Bristol «Цырульня свету»

Источник: Еврорадио

Группы: ,