Гурт «Крамбамбуля» зараз актыўна працуе ў студыі над новай плыткай, якая будзе складацца з «партызанскіх» песень. Упершыню іх можна будзе пачуць разам з вядомымі хітамі 2 жніўня на фэсце Galapagai у Літве, на які беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы.
— Песні новай праграмы ўмоўна «партызанскія» — яны распавядаюсь пра змаганьне вольналюбных людзей з нейкім ворагам, — тлумачыць лідар гурта Лявон Вольскі. — Тут мы маем справу з «махровай антысавеччынай», бо вораг — гэта савецкая сыстэма, ці то, як кажуць некаторыя, «савецкая акупацыя», якая пачалася на нашых землях з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Але пра гэтыя драматычныя падзеі «Крамбамбуля» сьпявае з уласцівымі ёй гумарам ды іроніяй.
Сам альбом мае выйсці бліжэй да канца году, таму ўсіх наведнікаў Galapagai чакае сапраўдны эксклюзіў. Акрамя «Крамбамбулі» ад Беларусі ў фестывалі бярэ ўдзел гурт «Без билета». Сярод замежных хэдлайнераў The Baseballs (Германія), Supersci (Швецыя), Mr. Woodnote (Вялікабрытанія). Агулам на 4 сцэнах выступіць больш за 40 артыстаў. Арганізатары таксама абязцаюць шмат гульняў і забаў.
Фэст адбываецца на востраве пасярод возера ў гарадку Зарасай у 131 кіламетры ад Вільнюса, 70 км ад Браслава (праз Даўгаўпілс). Даехаць туды можна на адмыслова арганізаваным бас-туры, а таксама на асабістым аўто альбо на цягніку з Вільні (да станцыі Турмантас, далей маршрутка).