BosaeSonca здыме «народны» кліп на новую песню

Напярэдадні летняга канцэрту ў паб-клубе «Графіці» гурт BosaeSonca прэзентуе песню «У маёй галаве» і анансуе здымкі «народнага» кліпу на яе.

— Песня была запісаная падчас працы над альбомам «Адпусці», але ў трэк-ліст альбому яна аніяк не ўпісвалася, таму дасюль чакала свайго часу, — кажа лідар каманды Алесь Кот-Зайцаў. — Увогуле гэта адна з першых песень гурта, ёй ужо шмат гадоў, але падчас запісу яна неяк асабліва ажыла, атрымала новае дыханне. Таму мы вырашылі не проста прэзентаваць песню ў інтэрнэце, але зрабіць з яе невялічкі жывы перфоманс з відэафіксацыяй.

Удзел у здымках кліпа могуць узяць усе жадаючыя. Разам з прафесійнымі танцорамі школы сацыяльных танцаў «Качели» музыкі гурта BosaeSonca сустрэнуць сваіх прыхільнікаў наўпрост на вуліцы Мінску. Прафесійныя танцоры правядуць майстар-клас для ўсіх прысутных, а музыкі гурта зайграюць новы трэк. Здымкі адбудуцца ля Ратушы на плошчы Свабоды 27 ліпеня ў 14:00.

Падчас майстар-класу і здымкаў відэа будзе абраная найлепшая пара народных танцораў, якія атрымаюць запрашальнікі на канцэрт-прэзентацыю кліпа, што адбудзецца 31 ліпеня ў паб-клубе «Графіці».

Нагадаем, што ў мінулым годзе гурт BosaeSonca выпусціў адразу два альбомы — электрычны «Залаты» і акустычны «Адпусці». Другі з іх атрымаў узнагароды «Лепшы беларускамоўны альбом 2013» ад Experty.by і «Лепшы запіс» ад Rock Profi.

Автор: / Ultra-Music

Группы: