У Мінску пройдзе канцэрт Лары Кор’ела

Амерыканскі гітарыст Лары Кор’ел упершыню выступіць у Мінску. Канцэрт адбудзецца 1 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Віртуозны гітарыст Кор’ел — пачынальнік некалькіх музычных напрамкаў на мяжы джаза і рок-музыкі. Адзін з ранніх гуртоў Кор’ела, The Free Spirits, увайшоў у гісторыю як першы ў свеце джаз-рокавы калектыў, а альбом «Duster», запісаны ў 1967 годзе разам з вібрафаністам Гэры Бёртанам, лічыцца першай пласцінкай у стылі джаз-ф’южн.

За пяцідзесяцігадовую музычную кар’еру Лары Кор’ел выдаў больш за 70 дыскаў — як сольных, так і ў супрацоўніцтве з самымі рознымі музыкамі. Ён запісваўся з Джонам МакЛафлінам, Элам Дзі Меолай, Чыкам Карыя, Стэфанам Грапелі, Чарльзам Мінгусам і шматлікімі іншымі джазавымі зоркамі, дзяліў сцэну з Майлсам Дэвісам, Эрыкам Клэптанам і Джымі Хендрыксам. Апошняга Кор’ел небеспадстаўна абвінавачваў у тым, што свой гітарны стыль ён пабудаваў на прыёмах, падгледжаных у самога Лары. Апошні альбом Кор’ела, «The Lift», выдадзены ў 2013 годзе, атрымаў станоўчыя рэцэнзіі шматлікіх аглядальнікаў, у тым ліку The Guardian.

Першы канцэрт 71-гадовага гітарыста ў Мінску адбудзецца ў фармаце трыа пры ўдзеле бас-гітарыста Ніка Лазарава і яшчэ адной зоркі джаз-ф’южна — барабаншчыка Джоэля Разэнблата, які на працягу многіх год супрацоўнічаў з гуртом Spyro Gyra.

Автор: / Ultra-Music

Группы: