На «Камяніцы» выступяць хэдлайнеры з 5 краін

Арганізатары фолк-фестывалю «Камяніца» абвесцілі спіс удзельнікаў фэста. У мерапрыемстве, якое адбудзецца 6 верасня пад Мінскам пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ», вазьмуць удзел артысты з Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Расіі. Квіткі ўжо ў продажы.

Як і раней, вялікую частку праграмы складаюць беларускія гурты — «Троіца», Kriwi, Šuma і Re1ikt. Акрамя гэтага на малай сцэне выступяць фолк-гурты «Рада», «Горынь», «Ягорава гара», на вялікай — фолк-тэатр «Яварына».

Разам з тым, з пункту гледжання замежных артыстаў гэта будзе самы зорны фэст за ўсю гісторыю «Камяніцы». Акрамя ўжо абвешчанага DJ-сэта ад Алега Скрыпкі гледачоў чакаюць выступы гуртоў «Отава Ё» (Расія), Ahmed Má Hlad (Чэхія), Bandurband (Украіна), а таксама мультылінгвістычнага праекту Караліны Ціхай і Бартэка Палыгі (Польшча). Апошнія прывязуць праграму, створаную на дзевяці мовах, на якіх гістарычна размаўляла Беласточчына.

— Склад музычнай часткі фэста ў гэтым годзе моцна ўражвае. На мой погляд, амаль кожны з яго ўдзельнікаў можа быць хэдлайнерам любога еўрапейскага фальклорнага фэстывалю, — адзначае Алег Хаменка, лідар гурта «Палац» і нязменны вядоўца «Камяніцы».

Акрамя гэтага гледачоў чакае кірмаш традыцыйных рамёстваў, старадаўнія танцы і гульні, а таксама выставы, майстар-класы і нацыянальныя стравы ад лепшых шэф-кухараў. Як і раней, уваход для гледачоў у беларускіх нацыянальных строях будзе бясплатным. Мужчынскі строй мусіць складацца з галаўнога ўбора, кашулі, поясу, нагавіцаў, камізэлькі. Жаночы касцюм — з галаўнога ўбора (акрамя дзяўчат), спадніцы, фартуха, кашулі, поясу. Абутак у абодвух выпадках можа быць сучасным.

Источник: пресс-релиз

Фото: Денис Зеленко

Группы: , , , ,

Темы: