Канцэрт Вольскага ў Вільні здымуць гледачы

Канцэртная прэзентацыя альбома Лявона Вольскага «Грамадазнаўства» адбудзецца 11 кастрычніка ў Вільні. Гэта рэдкая магчымасць ўбачыць вялікі электрычны выступ музыкі з новым дыскам і лепшымі песнямі за ўсю кар’еру.

Канцэрт будзе запісвацца на аўдыё і відэа прафесійнай камандай. Але галоўную ролю ў стварэнні відэаверсіі маюць адыграць гледачы, якіх запрашаюць здымаць канцэрт і ўсё вакол яго на ўласныя фота- і відэакамеры, тэлефоны.

— Гэта цікавы эксперымент, які мае мэтай паказаць выступ з боку гледачоў, дадаць у працу прафесіяналаў як мага больш непасрэднай эмоцыі і атмасферы канцэрту, — тлумачыць Лявон Вольскі.

Выніковыя матэрыялы можна дасылаць праз Інтэрнэт у выглядзе спасылак на запампаваныя файлы на адрас [email protected], альбо прыносіць на дысках у офіс агенцыі «Шаблі».

— Я запрашаю гледачоў узяць з сабой усе магчымыя карты памяці і акумулятары. Здымайце цікавыя моманты падарожжа ў Вільню, здымайце канцэрт, здымайце пасля яго, а потым дасылайце нам матэрыял, — тлумачыць літоўская рэжысёрка Марыя Мескавайтэ, якая кіруе стварэннем відэаверсіі.

У першым адззяленні цалкам прагучыць альбом «Грамадазнаўства» (11 песень), у другім — больш за 20 лепшых песень праектаў з удзелам Лявона Вольскага, сярод якіх шмат хітоў, напісаных ім для N.R.M., а таксама «Мроі», Zet і іншых праектаў. Агульная працягласць канцэрта — каля 2,5 гадзін.

Источник: пресс-релиз

Группы: