Праект Šuma, які спалучае ў сваёй творчасці архаічныя спевы і электронную музыку, плануе запісаць новыя песні ў касцёле, што месціцца ў мястэчку Друя ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Разам з музыкамі ў вандроўку адправіцца рэжысёр Арцём Лобач, які будзе здымаць фільм пра гэты музычны эксперымент.
— 12–13 кастрычніка мы з музыкамі едзем ў неверагодна прыгожае мястэчка Друя. Лічыцца, што гэта месца сілы. Там цягам дня мы будзем рыхтавацца да запісу, мацаць акустыку, а на ноч закрыемся ў касцёле, каб ў інтымнай атмасферы даверыцца месцу і перавесці свае адчуванні ў музыку і кінанарыс, — распавядае спявачка і завадатар праекту Šuma Руся. — Мы разлічвалі, што ў касцёле ёсць арган, але падчас вайны ён быў знішчаны. Таму з інструментаў мы вырашылі ўзяць мінімальны электронны праграмінг, клавішы і галасы. Адзенемся ў народныя строі, памедытуем і паспрабуем злавіць энэргію гэтага чароўнага месца.
Напярэдадні паездкі ў Друю музыкі вырашылі зладзіць адмысловую вечарыну ў падтрымку праекту. Яна адбудзецца 10 кастрычніка ў бары ДК у Мінску. Удзельнікамі імпрэзы, апроч Šuma, стануць электроншчыкі Diamos Roll, MagiC, I.F.U., Induss і Nick Cherny.
— Хочам сабраць на праект крыху рэсурсаў, а ўсім жадаючым прапанаваць магчымасць асабіста паўплываць на яго. Калі ў вас спіць маленькі мецэнат, далучайцеся:) Кошт квітка вельмі дэмакратычны — 70 тысяч рублёў, калі вы хочаце пакінуць больш -выдатна. Мы прымем ваш падарунак, і ён дапаможа нам яшчэ больш якасна зрабіць музыку і відэа, — дадае Руся.