Рок-опера «Сьцяг брыгады», запісаная гуртом Siver, пабачыла свет з нагоды 15-годдзя каманды і 10-годдзя запісу альбому.
Запіс праграмы адбыўся ў 2004 годзе, калі ў гурце «Аналіз» змяніўся вакаліст і музычная канцэпцыя. Таму вырашана было змяніць на назву Siver. Для стварэння новых песень музыкі натхняліся класікай савецкай літаратуры, у прыватнасці паэмай Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». У выніку была створаная цэлая рок-опера паводле гэтага твора.
— Нам было цікава паспрабаваць пагуляцца з савецкай школьнай класікай на партызанскую тэматыку і пераасэнсаваць яе. Калі мы паглыбіліся ў паэму, то зразумелі, што твор мае выразнае псіхадэлічнае адценне. Тое, што герой у паэме размаўляе з неадухатворанымі рэчамі — гадзіннікам, лялькай, драўляным конем, вуліцай, ручаём, і самае галоўнае, што лялька яму адказвае, наводзіць на думку, што нават у тыя часы некаторыя рэчывы такі былі дасяжныя савецкім паэтам, або Куляшоў меў багаты ўнутраны свет, — кажа бас-гітарыст Siver Яўген Шапчыц.
Акром музыкаў з гурта Siver, у працы над альбомам узяў удзел лідэр Neuro Dubel Аляксандр Куллінковіч, які прачытаў вершаваныя звязкі між трэкамі.
Гурт рыхтаваўся да жывой прэзентацыі праграмы, але на сцэну так і не выйшаў. Вакаліст Антон Казураў з’ехаў у ЗША, у сувязі з чым праца ў гурце была прыпыненая. У 2006 годзе Siver нагадаў пра сябе запісам новай песні «Колер маёй рэвалюцыі». Кропка ў гісторыі гурта Siver была пастаўлена ў 2009, калі адзін з ідэолагаў праекту Яўген Шапчыц вырашыў падарыць сваю бас-гітару Эміры Кустурыцы і такім сімвалічным чынам завершыць музычную кар’еру.