Партал Tuzin.fm падсумуе вынікі году і вызначыць найлепшых, на меркаванне рэдакцыі сайту, музыкаў у дзвюх намінацыях — «Адкрыццё года» і «Героі года». Цырымонія «Героі года» адбудзецца 12 снежня ў клубе «Піраты».
— Асноўная праблема, з якой сутыкнулася рэдакцыя Tuzin.fm пры вызначэнні шорт-лісту, — тонкая мяжа між дзвюма намінацыямі. Некаторыя гурты сталі адкрыццём у гэтым годзе, хоць дэбютантамі іх не назавеш. З гэтай прычыны мы палічылі больш карэктным называць дадзеную намінацыю «Адкрыццё года». Гэта значыць, што выканаўца можа не першы год працаваць у музыцы, але патэнцыял свой напоўніцу прадэманстраваць толькі сёлета. І наадварот — ёсць такія гурты, якіх нібы можна і ў дэбютанты залічыць, але яны маюць настолькі вялікі багаж дасягненняў, што больш мэтазгодна разглядаць іх у намінацыі «Героі», — зазначана ў афіцыйным паведамленні з нагоды прэміі.
Сёлета ў намінанты на «Адкрыццё года» трапілі гурты Haina, .К, Сяргей Башлыкевіч (Leibonik), Віталь Варанко, Bristeil. На званне «Героі года» прэтэндуюць Лявон Вольскі, Navi, Dzieciuki, «Ляпіс Трубяцкі», Vuraj, Landau, Akute.
Поўны лайн-ап вечара будзе абвешчаны 19 лістапада. Да гэтай даты квіткі будуць каштаваць ад 102 да 132 тысяч рублёў.