Партал Tuzin.fm прэзентаваў складанку «Сёмы Прэм’ер Тузін». У яе ўвайшлі найлепшыя песні па выніках галасавання наведнікаў сайта ў хіт-парадзе ў 2014 годзе.
— Сёмы «Прэм’ер Тузін» выходзіць пасля вымушанага перапынку ў тры гады. За гэты час выданне дыскаў канчаткова страціла сэнс, таму мы разглядалі магчымасць выдання чарговай справаздачнай складанкі на USB-флэшцы ў CD-боксе, каб гэтым падкрэсліць тэндэнцыю апошніх год і канстатаваць адыход СD-фармата. Але забаўка задарагая, таму мы пайшлі самым простым шляхам — прэзентуем «Сёмы Прэм’ер Тузін» у фармаце інтэрнэт-рэлізу. На наступны год з нагоды 12-годдзя нашага партала будзем думаць над магчымасцю выдання найлепшых песень 2003–2015 на вініле, — кажа каардынатар праекта Сяргей Будкін.
«Сёмы Прэм’ер Тузін» складаецца з 12 галоўных песень хіт-парада, дапоўненых 30 бонус-трэкамі. У «Залаты Тузін» увайшлі «Песняры» «Кацярынка маладая», «Майтай» «Полымя», Landau feat. Zolki Band «Снежань», Pauline «Пачакай», Navi «Не засынай», BosaeSonca «Неба», ZnaROCK&Вожык «Тацяна», Akute «Наскрозь», «Стары Ольса» «Ave Maria», Haina «Ціхі акіян», Nizkiz «Гуантанама» і TonqiXod «Насыпаць горы».