Канцэрт Вайцюшкевіча ў ДК МАЗ забаронены

Мінскія ўлады не далі дазвол на правядзенне сольнага канцэрта Змітра Вайцюшкевіча ў ДК МАЗ, паведамляе Tuzin.fm.

Упраўленне ідэалягічнай работы і культуры Мінгарвыканкаму не дала дазвол на правядзенне канцэрта Змітра Вайцюшкевіча, заяўленага на 12 студзеня ў ДК МАЗ. Меркавалася, што ў гэты дзень выканаўца разам з гуртом WZ-Orkiestra зладзіць вялікую прэзентацыю праграмы на верш Генадзя Бураўкіна «Варанок», што выйшла ў 2013 годзе.

Рашэнне аб выдачы гастрольнага пасведчання на гэтае мерапрыемства ідэолягі зацягвалі як маглі. Звычайна арганізатар атрымлівае дазвол цягам пяці дзён, але ў яго могуць папрасіць прадаставіць дадатковыя матэрыялы, датычныя канцэрта і працягнуць разглядаць дакумэнты лішні тыдзень. «Яны тры тыдні чыталі тэксты маіх песень!», — кажа Зміцер Вайцюшкевіч. У выніку арганізатарам адмовілі на падставе таго, што ў іх адсутнічае дамова з канцэртнай пляцоўкай. Паводле правілаў падачы, дарэчы, дамову такую пры арганізацыі канцэртаў беларускіх выканаўцаў прадстаўляць узгадняючаму органу не трэба.

Адзін з арганізатараў канцэрта Віталь Супрановіч паведаміў, што яны мелі дамову з ДК МАЗ, але ў апошні момант яе спатрэбілася перарабіць — у сувязі з зменай фінансавых умоваў. Якраз у гэты час і была атрыманая адмова ў правядзенні канцэрта. Як стала вядома Tuzin.fm, дырэкцыя ДК МАЗ сама даслала ліст у Менгарвыканкам, дзе было напісана, што дамова паміж імі і арганізатарамі канцэрта Вайцюшкевіча на дадзены момант не заключаная.

«Як адкруцілі гайкі, так і закруцілі», — расчаравана прамаўляе Зміцер Вайцюшкевіч. Да гэтага ў яго сарваліся яшчэ два выступы ў Беларусі. Пастаўлены ўжо ў план канцэрт у Віцебскай філярмоніі з ініцыятывы мясцовых ідэолягаў быў адменены, а ў Берасце ніводная пляцоўка не пагадзілася прыняць апальнага артыста. «Я прызвычаіўся да забаронаў, хоць, вядома, не прымірыўся з імі. Цудоўна разумею, што ідэолягі маюць свой кодэкс, які з усіх сілаў бароняць, але мая творчасць абсалютна не нясе пагрозы і я іх кодэксу не парушаў!», — кажа Вайцюшкевіч, які пасля выбараў-2010 трапіў у забаронены спіс музыкаў. Упершыню легальна з таго часу ён выйшаў на сцэну на прэзентацыі праекту «Re:Песняры» у верасні 2014, а 29 кастрычніка ў Менску прайшоў яго сольны канцэрт, узгоднены з уладамі.

У дзень забароны свайго канцэрта Вайцюшкевіч падрыхтаваў прэм’еру новай песні «На Каляды», напісанай на верш Уладзімера Някляева. «Я мусіць самы шчаслівы кампазытар Беларусі, бо выдатныя паэты мне самі дасылаюць свае вершы. Уладзімер Пракопавіч прапанаваў мне новы твор і я лічу, што гэта проста падарунак лёсу. Атрымалася простая гісторыя пра тое, што павінна адбывацца на Каляды і пра цуд, які абавязкова здзейсніцца ў гэты дзень!», — прадстаўляе песню выканаўца.

Источник: Tuzin.fm

Фото: Виталий Клиндюк

Группы: