Канцэрт Вайцюшкевіча ў «Піратах» не адбудзецца

Заяўленага выступа артыста 6 лютага ў клубе «Піраты» ня будзе. Суцяшальная сустрэча і аўтограф-сэсія з музыкам пройдзе ў галерэі TUT.BY 8 лютага, паведамляе Tuzin.fm.

— З сумам адзначаем, што правядзенне канцэрта гурта WZ-orkiestra на чале са Змітром Вайцюшкевічам немагчымае ў сувязі з тым, што клуб «Піраты» адмовіўся выконваць узятыя на сябе абавязкі. Арганізатары атрымалі гастрольнае пасведчанне ад Мінгарвыканкаму на права правядзення гэтага канцэрта, паміж арганізатарам і клубам была заключаная дамова і сплочаная перадаплата. Добраму папярэдняму продажу радаваліся ўсе бакі – арганізатары, музыкі і сам клуб. І раптам за восем дзён да выступу «Піраты» у вуснай форме заявілі, што ня могуць прадставіць памяшканне. На законнае патрабаванне даць пісьмовае тлумачэнне прычынаў дырэкцыя пляцоўкі таксама адказала адмовай. Усе спробы з нашага боку залагодзіць канфлікт і знайсці кампрамісныя рашэнні не далі аніякага плёну. Як не далі аніякага плёну і спробы паўплываць на сітуацыю праз дзяржаўныя органы – адміністрацыю Ленінскага раёна, Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры і Адміністрацыю Прэзідэнта, куды мы звярталіся з просьбаю пасудзейнічаць вырашэнню гэтай дзіўнай сітуацыі. Выпадак склаўся абсалютна абсурдны – клуб гатовы ісці на парушэнне законных дамоўленасцяў, несці іміджавыя і фінансавыя страты, каб не праводзіць мерапрыемства, узгодненае з уладамі, у арганізацыі якога першапачаткова быў зацікаўлены, — кажа арганізатар канцэрта Сяргей Будкін.

Па словах арганізатара, ён ня бачыць сэнсу судзіцца з клубам, бо гэта адцягне ўвагу ад галоўнага і пяройдзе ў звычайную спрэчку суб’ектаў гаспадарання. Замест сарванага канцэрта 8 лютага ў 19:00 ў галерэі TUT.BY (пр-т. Дзяржынскага, 57, 9 паверх) адбудзецца творчая сустрэча і аўтограф-сэсію Змітра Вайцюшкевіча.

— З улікам невялікіх памераў пляцоўкі, патрапіць на яе маюць магчымасць толькі тыя, хто ўжо мае квіток на канцэрт Вайцюшкевіча ў клуб «Піраты». Просім астатніх паставіцца з разуменнем. TUT.BY збіраецца весці он-лайн трансляцыю з гэтай сустрэчы, — дадае арганізатар.

Падчас вечарыны ў галерэі TUT.BY ахвочыя могуць вярнуць грошы за квіткі, набытыя на адменены канцэрт. Альбо ахвяраваць ужо сплочаную суму, якая пойдзе на карысць музыкаў і кампенсацыю стратаў, якія панеслі арганізатары канцэрта.

— Акром таго, мы падалі ў Мінгарвыканкам новую заяву на атрыманне гастрольнага пасведчання для правядзення канцэрта Вайцюшкевіча ў іншым клюбе ў самы бліжэйшы час, — кажа Сяргей Будкін.

Источник: Tuzin.fm

Фото: Виталий Клиндюк

Группы: