Канцэрт, прысвечаны памяці Рыгора Барадуліна, пройдзе 24 лютага ў Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
У гэты дзень споўнілася б 80-гадоў народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Ён напісаў тысячы вершаў і выдаў больш за 70 зборнікаў паэзіі. Песні на словы Барадуліна пісалі Алесь Камоцкі, Зміцер Вайцюшкевіч, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Генрых Вагнер і іншыя вядомыя музыканты і кампазітары.
Адмыслова да юбілея Барадуліна лідар гурта Vuraj і саліст Белдзяржфілармоніі Сяржук Доўгушаў падрыхтаваў праграму народных песняў Вушаччыны.
— У адну з сустрэчаў Барадулін падарыў мне маленькую кніжачку «Песні матчыны з Вушаччыны», якую ён уклаў з народных песняў роднага рэгіёна, — распавядае Сяргей Доўгушаў. — Гэта розныя песні: веснавыя, восеньскія, жніўныя, вясельныя, хрэсьбінныя, валачобныя, застольныя. Менавіта ў гэтых песнях увесь Барадулін, літаральна ўсё ягонае жыццё. Песні надзвычай глыбокія, з імі няпроста працаваць, і калі прыдумваеш да словаў музыку, песня літаральна пачынае дыктаваць свае ўмовы. Але мы з вялікім імпэтам працуем над гэтай праграмай.
У канцэрце возме ўдзел новы праект Сяргея Доўгушава і гурта Vuraj Harmonic Style, а таксама кампазітар, вядучы, артыст Белдзяржфілармоніі Вячаслаў Пяцько.