Алег Моўчан падаў у суд на гурт Naka

Вярхоўны суд Беларусі распачаў справу па іску кампазітара Алега Моўчана ў дачыненні да спявачкі Насты Шпакоўскай, паведамляе Tuzin.fm.

Позва Алега Моўчана

У судовай позве Моўчан заяўляе пра парушэнне ягонага выключнага права на аб’ект аўтарскага права. Гаворка ідзе пра кампазіцыю «Малітва» на словы Янкі Купалы і музыку Алега Моўчана, уласную версію якой гурт Naka падрыхтаваў для праекту «Re:Песняры», прысвечанага 45-годдзю ансамблю «Песняры».

Сутнасць канфлікту ў тым, што Моўчан ня прыняў варыянт гурта Naka і забараніў выкарыстоўваць трэк. Песня не ўвайшла ў фінальную складанку, але была выкананая на канцэрце-прэзентацыі ў клубе Re:Public 12 верасня 2014. Спявачка перад яе выкананнем патлумачыла сітуацыю і сказала, што спяе яе ўсяго адзін раз — на знак павагі да творчасці «Песняроў» і Янкі Купалы. Арганізатар таго канцэрту і прадусар праекту «Re:Песняры» Сяргей Будкін сплаціў праз Цэнтр абароны інтэлектуальнай уласнасці вызначанае законам аўтарскае ўзнагароджанне за публічнае выкананне гэтага ды іншых твораў, якія прагучалі ў той вечар. Але Моўчан усё адно абвесціў пра свой намер падаваць у суд.

Першапачаткова прэтэнзіі прад’яўляліся да арганізатара канцэрта. Моўчан адмовіўся ад прапанаванай яму сумы ў 2,5 мільёны беларускіх рублёў (гэтулькі склаў чысты прыбытак з канцэрта) і вызначыў памер шкоды, нанесенай яму ў выніку выканання «Малітвы», у 57 мільёнаў беларускіх рублёў. Пасля абмену прапановамі аб добраахвотным урэгуляванні спрэчкі бакі не сышліся ні на чым, і сітуацыя на некаторы час папросту завісла ў паветры.

Як цяпер апынулася, Моўчан рыхтаваў новую заяву — цяпер ужо на адрас непасрэдна Насты Шпакоўскай. Ад падачы ў суд на арганізатараў праекту «Re:Песняры» ён адмовіўся. Кампазітар сцвярджае, што музыканты сказілі яго мастацкую задуму, парушылі ягоныя аўтарскія правы і патрабуе кампенсацыі ў памеры 18 мільёнаў рублёў. Судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда запрашае кампазітара і спявачку на размову, якая прызначаная на 19 лютага. Cправу вядзе суддзя Іна Цысік.

Источник: Tuzin.fm

Группы: ,

Темы: