«Ляпісы», Лявон Вольскі і Akute атрымалі галоўныя ўзнагароды «Даём рады»

«Еўрарадыё» абвясціла пераможцаў музычнай прэміі «Даём рады». Па выніках галасавання рэдакцыі галоўны прыз, «Гурт-2014», атрымаў «Ляпіс Трубяцкі». «Сольным выканаўцам-2014» стаў Лявон Вольскі.

«Альбомам-2014» рэдакцыя «Еўрарадыё» прызнала «Reaĺnaść i sny» Akute. «Сінглам/ЕР-2014» стаў «Ag» «Серебряной свадьбы». З мінулагодніх еўрапейскіх альбомаў быў адзначаны альбом «48:13» гурта Kasabian.

«Дэбютам-2014» «Еўрарадыё» палічыла гурт Haina. Лепшым «Музычным праектам-2014» — тэлепраект «Легенды. Live». «Фестывалем-2014» стаў «Мост». А самае выбітнае музычнае відэа, на погляд «Еўрарадыё», выпусціў гурт The UNB (працаваў над відэа да песні «Крот-фронт» кліпмэйкер Макс Сіры).

Па традыцыі, не абышлося і без жартаўлівых намінацый. У катэгорыі «Непатанаючая легенда» перамог Сяргей Міхалок. «Гучным расстаннем года» стаў Аляксандр Памідораў, які летась расстаўся з лішняй вагой. «Няспраўджанай надзеяй» названы палёт гурта J:морс у Амстэрдам, бо сталіцы Нідэрландаў музыкі не ўбачылі: ім было дазволена выключна прагуляцца па мясцовых Duty Free.

Источник: Еврорадио

Группы: , , , , ,

Темы: