Вядомы беларускі метал-гурт Litvintroll абвесцў пра самароспуск, паведамляе Tuzin.fm.
Заява была зроблена ў афіцыйнай суполцы гурта, літаральна праз дзень пасля сумеснага канцэрта ў Мінску з фінскай камандай Finntroll. «Ансамбаль Litvintroll спыняе сваё існаванне. За дзесяцігоддзе свайго жыцця мы прайшлі шмат дарог, адыгралі безліч канцэртаў і спаткалі сапраўдных сяброў. Гэта быў насычаны час. На жаль ня ўсе ўдзельнікі гурта ўсведамляюць тую адказнасць, якую накладае званне музыкі, таму з гэтага моманту гурт Litvintroll абвяшчаецца распушчаным», — сказана ў заяве.
Лідэр гурта Андрэй Апановіч на просьбу пракамэнтаваць гэтае рашэнне адказаў: «Пакуль мне нельга казаць нічога, тлумачэнні будуць пазней. Усё сур’ёзна». Па інфармацыі партала Tuzin.fm, прычынай для распаду стаў унутраны канфлікт у гурце. Чакаецца, што ўвечары 10 красавіка з’явіцца дадатковае паведамленне ў суполцы Litvintroll.