На пэўным этапе свайго існаваньня DVD выдае кожны паважаючы сябе гурт. На гэты раз папоўніць калекцыі аматараў творчасьці беларускіх камандаў музычным відэашэдэўрам вырашыў адзін з самых вясёлых, пазытыўных і «культурных» калектываў краіны – гурт КРАМБАМБУЛЯ.
На пачатку 2002-га году ў этэры беларускіх радыё і тэлебачаньня выбухнула песьня «Абсэнт» тады яшчэ малавядомай групы КРАМБАМБУЛЯ. За чатыры гады існаваньня крамбамбульцы пасьпелі сьпецца з мэтрамі беларускай альтэрнатыўнай сцэны Сяргеем Міхалком (ЛЯПИС ТРУБЕЦКОЙ) і Аляксандрам Кульлінковічам (NEURO DUBEL), завязаць творчае сяброўства з прадстаўніком украінскага року Андрэем «Кузьмой» Кузьменкам (СКРЯБІН), выдаць 4 дыскі, адзін зь якіх выйшаў ва Ўкраіне, паставіць два вялікіх «буйнакаліберных» шоў у КЗ «Мінск» і праехацца з турамі па роднай Беларусі і зямлі паўднёвых суседзяў. На меркаваньне ўдзельнікаў гурту прысьпеў час распавесьці шырокім колам падрабязную гісторыю ўзьнікненьня і існаваньня КРАМБАМБУЛІ, а таксама пасьвяціць прыхільнікаў крамбамбульнай творчасьці ў таямніцы па-за канцэртнага жыцьця калектыву.
Акрамя ўрыўкаў з самых яскравых канцэртаў гурту гледачоў чакаюць і шчырыя душакранальныя інтэрвію з усімі вакалістамі КРАМБАМБУЛІ, дзеячамі беларускага шоў-бізнэсу, зь якімі так ці інакш перакрыжоўваліся творчыя шляхі каманды, а таксама з простымі аматарамі вясёлай крамбамбульнай музыкі. Фільм дазволіць зазірнуць на рэпэтыцыі і ў грымёркі, на здымачныя пляцоўкі кліпаў і ў студыі гуказапісу. Музычную частку крамбамбульнай хронікі плянуецца прадставіць у выглядзе студыйнага канцэрту, запісанага адмыслова для фільму. Адмыслова для замежнай аўдыторыі відэа месьціцца на дыску ў двух варыянтах, адзін зь якіх будзе прадубляваны на ангельскую мову. Паўнавартасны здымачны працэс пачнецца ўжо ў студзені. Рэжысэрам фільму стане вядомы тэлерэжысэр Зьміцер Незін. Дапоўніць DVD mp3-частка, куды ўвойдуць усе ўжо вядомыя песьні гурту, а таксама некалькі новых твораў з «Крамбамбулі сьвяточнай».
А пакуль КРАМБАМБУЛЯ знаходзіцца на стадыі збору матэрыялу. У сувязі з гэтым гурт зьвяртаецца да ўсіх, хто хоча паўдзельнічаць у працэсе стварэньня гістарычнага крамбамбульнага летапісу: калі ў Вас ёсьць відэазапісы з канцэртаў, цікавыя фотаздымкі, незвычайныя рэчы ці неверагодныя гісторыі, зьвязаныя з КРАМБАМБУЛЯЙ, каманда чакае ад Вас паведамленьняў на e-mail [email protected].
ТЫМ ЧАСАМ
Рыхтуецца да выданьня складанка лепшых песень ад КРАМБАМБУЛІ. У першай палове 2005-га гэткі дыск ужо ўбачыў сьвет ва Ўкраіне. Беларускі варыянт будзе трохі адрозьнівацца зьнешнім выглядам (месца Гюнэш Абасавай на вокладцы зойме Аляксандар Кульлінковіч), а зьмест кружэлкі дапоўніцца некалькімі новымі песьнямі з будучага альбому «Крамбамбуля сьвяточная». Як і ўкраінскіх слухачоў, беларускіх прыхільнікаў гурту чакае сюрпрыз – у кожны дыск будуць укладзеныя каляровыя папяровыя лялькі вакалістаў КРАМБАМБУЛІ, якія адмыслова намаляваў Лявон Вольскі.