Беларусы не давалі такога чаду ў Познані ўжо даўно, а некаторыя нават сьцьвярджалі, што яшчэ ніколі. 16 студзеня, з нагоды Дня Салідарнасьці, на запрашэньне Беларускага Культурна-Асьветніцкага Цэнтра і Незалежнага Студэнцкага Зьвязу зайграла група «ZERO-85». Культавая рок-капэля з Падляшша выступіла адразу пасьля маніфэстацыі, якая перад гэтым прайшла на пляцы імя Адама Міцкевіча. Месцам канцэрту стаўся клюб «Даблінэр Айрыш Паб», што месьціцца ў старых мурох цэсарскага замку ў самым сэрцы Познані. «Сенька» — харызматычны вакаліст гурта зь Беластоку — перад выступам абвесьціў, што ўсе песьні выконвае толькі па-беларуску.
З самай першай ноты гурт проста электрызаваў сваім цяжкім гучаньнем і несустраканым галасішчам свайго лідэра. Запоўніўшы ўсе месцы ў клюбе слухачы былі здумлёныя патэнцыялам арт-рокавага стылю ў якім жорсткія гітары ўмела й удала спалучаныя з амаль што фальклёрнай школай сьпяваньня. Асабліва была прыемна зьдзіўленыя госьці з Гішпаніі, якіх ZERO-85 здолеў зацікавіць беларускім рокам. Яшчэ раз сьцьвердзілася правіла, што калі людзі адданыя музыцы цэлым сэрцам, то ўся іхная энэргія перадаецца ўдзячным слухачам.
Калі пасьля звышгадзіннага выступу, ажыўленая публіка дамагалася бісу «Сенька» пажартаваў: «Вось мы сядзем адпачнем і потым нешта прыдумаем». Пасьля кароткага перапынку гурт выйшаў, каб засьпяваць асабліва ўпадабаныя познаньскай публікай песьні «Страчаная Ітака» і «Чуфут Кале» на словы Уладзімера Караткевіча, пад якія фэны ўчынілі шалёнае пога перад сцэнай. Падчас канцэрту была прэзэнтаваная новая песьня прысьвечаная памяці выбітнага, памерлага летась паэта Анатоля Сыса. Гурт пакінуў па сабе выключна добрыя ўражаньні і выклікаў станоўчыя камэнтары новых захопленых фэнаў, якія ўжо адразу па заканчэньні дамагаліся наступных канцэртаў і доўгачаканага альбома.