«Тузін Гітоў» падводзіць вынікі музычнага сэзону 2010-2011

16 верасьня інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» сымбалічна падвядзе рысу пад музычным сэзонам 2010-2011. У гэты дзень пройдзе цырымонія ўзнагароджаньня выканаўцаў галоўных гітоў, якія трапілі ў «Залаты Тузін — 2011». У гала-канцэрце возьмуць удзел гурты ZnaROCK, «Жнюв», Akute, а таксама госьці з Украіны — гурт «Фіолет».

Упершыню за васьмігадовую гісторыю інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» адбудзецца ня толькі канцэрт з удзелам лепшых гуртоў сэзону, але і цырымонія ўзнагароджаньня. «Калі нехта думае, што ў беларускай музыцы нічога не адбываецца новага, няхай паслухае песьні-пераможцы нашага гіт-параду. Песьні, што вядуць за сабой, песьні, якія гэтак усім нам сёньня патрэбныя… Таму мы прынялі рашэньне ўганараваць іх аўтараў і выканаўцаў асаблівым чынам, каб падкрэсьліць іх важнасьць і актуальнасьць», — кажа адзін з заснавальнікаў «Тузіна Гітоў» Вецер Мэханічны.

16 верасьня ў паб-клюбе «Графіці» дзеля ўганараваньня зьбяруцца тыя музыкі, чые песьні трапілі ў «Залаты Тузін» па выніках галасаваньня ў выніковым мэгатуры на «Тузіне Гітоў», які праводзіўся ў ліпені-жніўні. У гала-канцэрце возьмуць удзел самыя цікавыя каманды, прычым ня толькі зь Беларусі. Адмыслова на цырымонію ў Менск прыедзе ўкраінскі гурт «Фіолет», якія трапілі ў чарт зь беларускамоўнай песьняй «Месца пакуты»: «Мы вырашылі заехаць у беларускую сталіцу на музычную прэмію „Тузіна“ разам з гітарыстам напярэдадні выступу на фэсьце Respublica ў Камянцы-Падольскім, — кажа лідэр каманды Сяргей Мартынюк. — Для нас гэта добрая нагода наведаць суседнюю краіну ды прасякнуцца атмасфэрай яе музычнага жыцьця, а да ўсяго файная магчымасьць пазнаёміцца з нашымі калегамі і нават кумірамі. Таму едзем з задавальненьнем і вязем з сабой трохі ўкраінскага духу і музыкі».

Між іншым, у гала-канцэрце возьме ўдзел гурт «Жнюв», адна з улюбёных беларускіх камандаў Сяргея Мартынюка. Музыкі абяцаюць сыграць свае галоўныя песьні, у тым ліку і «Засуху», якая была сярод лідэраў на «Тузіне Гітоў» цягам усяго музычнага году. Свой сэт адыграе гурт ZnaROCK, чыя песьня пра эма таксама трапіла сёлета ў лік лепшых беларускіх гітоў: «„Тузін“ — гэта тэмак! Большай файнай нагоды выступіць у файным месцы ў файнай кампаніі і не прыдумаеш!» — кажа лідэр каманды Яўген Сакалоў.

Пры канцы канцэрту-цырымоніі сыграе гурт Akute, які гэтым разам прыедзе ў Менск у поўнай электрычнасьці, каб зайграць сваю праграму «Дзевачкі і космас»: «Безумоўна мы рады выступіць на такой слаўнай імпрэзе. Зь цікавасьцю сачыў за сэзонам на „Тузіне“, ён быў ня самы благі і падараваў нямала адкрыцьцяў. 16 верасьня абяцаем супэрскі канцэрт!» — кажа Раман Жыгараў.

Усіх удзельнікаў цырымоніі чакаюць падарункі ад галоўнага партнэра «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі». Весьці імпрэзу па традыцыі будзе лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў», якая ідзе на хвалях «Радыё Рацыя».

16 верасьня, паб-клюб «Графіці» (зав. Калініна, 16). Пачатак у 19:00. Квіткі: 35 000. Даведкі: +375 29 6384444, +375 33 6384444; ICQ: 531-07-353; Skype: diskoteq / Google Talk: diskoteq. З уліку немалой колькасьці гасьцей колькасьць квіткоў на продаж будзе абмежаваная.

Источник: пресс-релиз

Фото: Вячеслав Радионов

Группы: , ,