Дэбютны альбом гурта Pawa выкладзены для вольнага спампоўвання на сайце budzma.org. Аднайменны альбом — першая ў Беларусі сапраўдная сярэднявечная дыскатэка, выдадзеная на кружэлцы.
Дэбютны лонгплэй калектыву Pawa удала спалучыў мадэрновыя рытмы з гучаннем старажытных аўтэнтычных інструментаў.
«Pawa — гэта сумесны праект музыкаў гурта Testamentum Terrae і музыкі Мікіты Седзянкова, — расказвае пра з’яўленне праекту кіраўнік Testamentum Terrae Юрась Панкевіч. — У супольным праекце Мікіта выступае пад псеўданімам Niko_s, а музыкі калектыву застаюцца самімі сабой, вернымі „сваёй“ этнічнай справе. Нам заўжды хацелася зайграць сучасную музыку з электроннымі рытмамі і пачуць старыя песні і мелодыі на новы манер. Фактычна гэта новы гурт, які будзе мець назву Pawa і граць электронную музыку, заснаваную на беларускім фолку. Фолк-дыска, калі хочаце».
Першы альбом прадставіў сучасныя апрацоўкі васьмі кампазіцый з альбома гурта Testamentum Terrae «Англеза». Мелодыі выкананыя ў арганічным яднанні гучання этнічных беларускіх і сучасных электронных інструментаў.