Гурт Glofira з Гомелю прэзентуе новы самотнік «Kola», які папярэднічае выхаду новага альбому гурта. Сама плытка павінна з’явіцца праз некалькі тыдняў.
Самотнік «Kola» — працяг творчага раману гомельскага гурта з мінскай паэткай Вікай Трэнас. У якасьці тэксту песні выкарыстаны не адзін верш, а адразу некалькі, дакладней, па некалькі радкоў з некалькіх вершаў з яе дэбютнага зборніку «Цуд канфіскаванага дзяцінства». Над музычным складнікам песні гэтым разам таксама працаваў не толькі лідар гурта Сяргей Сочнеў, але ўся каманда. Такім чынам, гэта песня — плён калектыўнай творчасці.
«Экзістэнцыйныя матывы, спроба разабрацца ў самых таемных глыбінях псіхалогіі сучаснага творцы заўсёды аб’ядноўвалі творчасць Glofira і Вікі Трэнас, — кажа Сяргей Сочнеў. — Змрочнасць і жорсткасць героя выкліканыя яго чулай і ранімай душой, характэрныя як для гранжавай эстэтыкі, так і для дэкадэнцкай паэзіі».
Найбліжэйшы канцэрт Glofira адбудзецца 17 снежня ў Маладзечна на прэзентацыі складанкі «ГРАНЖ:BY».