Гурт Recha рыхтуе відэа-альбом

Гурт Recha прэзентаваў у Інтэрнэце кліп на песню «Гражына» — сонечнае відэа з’яўляецца адначасова віншаваннем з надыходзячым Новым годам і анонсам будучага альбома, які мусіць убачыць свет у сярэдзіне 2012. Пра ўсё гэта сайту Experty.by распавёў лідэр калектыва Андрусь Такінданг.

— Падаецца, што даволі даўно не было чуваць пра гурт. Чаму?

— Сапраўды, у нас не так многа канцэртаў адбываецца ў Беларусі. На тое ёсць некалькі прычынаў. У гэтым годзе мы паездзілі па Польшчы, наведалі з сольнымі выступамі Вроцлаў, Лодзь, Белхатаў, Варшаву, Гданьск, Сопат. Дарэчы, песня «Гражына» напісана менавіта падчас паездкі ў Вроцлаў — мы засумавалі па беларускім прыгажуням, і ў выніку нарадзіўся гэты лірычны сюжэт пра дзяўчыну з такім прыгожым беларускім імем. Лірычны герой песні прапануе Гражыне, не марнуючы дарма час, пайсці з ім у ажыны.

— Гурт існуе ўжо даволі даўно, але дагэтуль не мае альбома…

— Альбом мы пачалі пісаць даўно, але на нейкім этапе мы вырашылі зрабіць не проста альбом, а відэа-альбом. У нас ужо запісана многа кліпаў, на падыходзе яшчэ два. Так што можна сказаць, альбом на перадапошняй стадыі, у сярэдзіне наступнага года ён абавязкова з’явіцца. І песня «Гражына» натуральна ўвойдзе ў яго.

— Кліп рабілі самі ці нехта дапамагаў?

— Адметнаю рысай кліпа на песню «Гражына» стала тое, што ён быў зняты дзякуючы намаганням нашых слухачоў, якія і сталі героямі кліпа. Рэжысёрам кліпа з’яўляецца ўзыходзячая зорка беларускай кінарэжысуры Ігар Чашчэня, а аператарам — сапраўдны прафесіянал сваёй справы Ягор Барташэвіч. Па кадрам кліпа можна лёгка пазнаць мясціны Мінску, дзе ён здымаўся: гэта Траецкае прадмесце, узбярэжжа Свіслачы. Некаторыя сцэны здымаліся ў жнівеньскім полі пад Менскам.

— Што скажаце тым, хто скажа, што ў кліпе няма асаблівай ідэі?

— У кліпе мы хацелі паказаць атмасферу нашых вулічных канцэртаў, гэтыя няўлоўныя моманты шчасця і радасці ад сустрэчы з людзьмі, калі мы, музыкі, дорым музыку, а нам у адказ дораць усмешкі і натхненне. А ідэя кліпа вельмі простая, але яна ёсць — не губляйце час на мітусню, лавіце сваё шчасце, любіце, кахайце. Любоў і каханне — гэта тое, дзеля чаго мы тут, на гэтым свеце!

— Калі вас можна пабачыць у Беларусі?

— Пакуль што больш граем на карпаратывах, але у наступным годзе збіраемся шчыльней заняцца публічнымі выступамі. Плануем гастрольны тур разам з гуртом BosaeSonca па розных гарадах. Тур распачнецца 17 студзеня сольным канцэртам у «Графіці».

Источник: Зміцер Безкаравайны, Experty.by

Фото: Deniz

Группы: