Замест адмененых канцэртаў Кулінковіч правядзе творчую сустрэчу

Грамадская кампанія «Рок-салідарнасць» ладзіць творчую сустрэчу з Аляксандрам Кулінковічам. Падчас яе адбудзецца шэраг конкурсаў і невялічкі выступ Neuro Dubel.

Сам музыка кажа, што цягам сустрэчы дакладна не хоча кранаць пытанні, звязаныя з адменамі канцэртаў, бо ад гэтага ўсё роўна лепш не стане. Кулінковіч плануе пагаварыць з гледачамі пра творчасць Neuro Dubel ды проста пра беларускую музыку.

«Людзі, якія на гэтую сустрэчу прыйдуць, не могуць паўплываць на забароны. Іх у першую чаргу будзе цікавіць, чым жыве гурт, — кажа Аляксандр. — Пагутарым проста пра рок-музыку, пра тое, што мы граем, што бачым, што плануем граць. Я не хачу кранаць нейкія палітычныя пытанні, не гледзячы, што нас упарта штурхаюць у гэтую самую палітыку. Але, тым не менш, я не хачу ёй займацца».

У тое, што кампанія «Рок-салідарнасць» можа паўплываць на сітуацыю з забаронай канцэртаў і дапамагчы музыкам з «чорных спісаў» аднавіць гастрольную дзейнасць, Кулінковіч не верыць.

Творчая сустрэча з Аляксандрам Кулінковічам адбудзецца 6 красавіка на офісе Партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3). Уваход вольны. Пачатак у 19:00.

Источник: Еврорадио

Фото: Валентин Хасеневич

Группы:

Темы: