Фестываль беларускамоўнай акустычнай музыкі «Бардаўская восень» распачынае прыём заявак на ўдзел у кокурснай частцы фэсту. Перанесьці адборачны тур на травень-чэрвень арганізатары «Бардаўскай восені», Звяз Беларускай Моладзі, вырашылі з тэхнічных прычынаў. Сам жа фэст традыцыйна пройдзе на Беласточчыне ў Польшчы напрыканцы кастрычніка.
З 14 траўня на скрыню [email protected] прымаюцца заяўкі на ўдзел у адборачным туры фестываля. Заяўка складаецца з анкеты ўдзельніка, фотаздымка і дэма-запісу. Дасланы запіс возьме ўдзел у адмысловым інтэрнэт гіт-парадзе «Бардаўскай восені», што пройдзе сёлета на Ultra-Music. Пераможца інтэрнэт-галасавання трапляе на фестываль у Польшчу аўтаматычна. Астатнія ж удзельнікі фэсту будуць вызначаныя прафесійным журы на адборачным канцэрце ў Менску. Канцэрт пройдзе 17 чэрвеня ў кавярні «Піўная гісторыя».
У адборы на фэст могуць узяць удзел выканаўцы любой стылістычнай накіраванасьці. Адзіным крытэрам удзелу ў «Бардаўскай восені» з’яўляецца беларускамоўнасьць выконваемых песень і бардаўскі, альбо unplugged-фармат выступлення. Заяўкі будуць прымаца да 10 чэрвеня. Пераможца інтэрнэт-галасавання, якое стартуе 11 чэрвеня, будзе абвешчаны на адборачным канцэрце ў Менску.
Пераможцы адборачнага туру напрыканцы кастрычніка выступяць з фестывальнай сцэны ў конкурснай праграме «Бардаўскай восені 2012». Фэст традыцыйна пройдзе ў Польшчы, у гарадку Бельск Падляшкі і навакольных мястэчках. Пераможцы конкурснай праграмы «Бардаўскай восені 2012» атрымаюць каштоўныя ўзнагароды.