Мінскі гурт Martin S. рыхтуе да рэлізу свой дэбютны альбом, праца над якім знаходзіцца на фінальнай стадыі.
Гурт Martin S. утварыўся ў канцы мінулага года, пачаўшы творчую дзейнасць з ўдзелу ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне»-2012. У гурце граюць дасведчаныя музыкі, большасць з якіх, у тым ліку вакаліст і аўтар песень Уладзімір Боська, былі ўдзельнікамі групы moZart.
«Мы вырашылі пайсці на невялікі эксперымент, які, мы спадзяемся, спадабаецца слухачам, — распавядае бубнач гурта Цімафей, — Калі мы працавалі над альбомам, мы заўважылі, што песні ў ім атрымліваюцца стылістычна разрозненымі. Таму я прапанаваў выпусціць альбом па частках, каб людзі маглі слухаць розныя песні пад розны настрой».
Такім чынам гурт зробіць некалькі частак альбома. Песні ў іх будуць аб’яднаныя агульнай атмасферай і пазначаныя асобным колерам. Але вынікам гэтага дзялення ўсё адно мусіць стаць паўнафарматны альбом, у які, акрамя названых частак, ўвойдуць іншыя песні.
Рэліз першай частцы альбома Martin S. абяцае зрабіць ужо напрыканцы верасня.