27 верасня ў мінскім клубе Re:Public Раман Арлоў і праект «У нескладовае» прэзентуюць відэакліп «Будзьма беларусамі». У здымках кліпу ўзялі ўдзел Яўген Чалышаў, Вадзім Касалапаў, Кацярына Бакуновіч, Уладзімір Шаблінскі, Іван Падрэз і руская акторка Алена Шчупляк.
Праца ў жанры роўд-муві была знятая ўлетку гэтага года, ахапіўшы значную тэрыторыю роднай Беларусі і жанрава ўсталяваўшы сувязь з вядомым праектам «Адлегласць», аўтар музыкі і словаў загалоўнай песні якога — менавіта Раман Арлоў.
Тэлевізійная прэзентацыя кліпа «Будзьма беларусамі» адбудзецца 22 верасня, калі Раман Арлоў і «У нескладовае» возьмуць удзел у адным з музычных праектаў нацыянальнага тэлеканала АНТ. Гурт працягвае працу над другім альбомам, якая вядзецца на некалькіх студыях у Мінску і Маскве. Першыя вынікі працы ўдзельнікі праекту абяцаюць ужо ў лістападзе.
«Нам вельмі дапамагаюць нашыя сталыя партнёры — расійскі гурт „Братья Гримм“. Частка працы над альбомам вядзецца на рэкамендаваных імі студыях, — кажа Раман Арлоў. — Таксама не магу не сказаць дзякуй Косцю Бурдаеву і хлопцам за тое, што яны ўпершыню ў поўным складзе ўзялі ўдзел у запісе. Раней з „У нескладовым“ запісваўся толькі сам Косця. У гэтай падтрымцы сапраўды ёсць нейкае рок-н-рольнае братэрства, якога ў беларускай рок-тусоўцы мне так не хапае. Дарэчы, гэтымі днямі Косця ажаніўся. Нашыя віншаванні!»
Паводле сталай традыцыі, на жывых канцэртах да гурта далучаюцца «зорныя» вакалісты, такія як Вадзім Касалапаў, Яўген Чалышаў, Аляксей Хлястоў і іншыя. У асноўным жа складзе праекту за апошні месяц адбылася поўная «перезагрузка» складу. Цяпер «У нескладовае» — гэта: Раман Арлоў (гітара, музыка, тэксты), Ігар Булава (клавішы, саксафон, дадатковы вакал), Кацярына Поцюс (вакал), Яўген Зезялюк (вакал, рэчытатыў), Зміцер Ланскі (гітара), Зміцер Макась (бас-гітара) і Андрэй Ханкевіч (бубны).