Паліна Рэспубліка: «На канцэрце N.R.M. я ўпершыню пачула жывую мову і зразумела, што яна ёсць»

«Будзеце падыходзіць, патэлефануйце, я вам распавяду, як знайсціся», — прылятае смс, калі мы пад’язджаем да дома маладой спявачкі Паліны Рэспублікі. Вялікая сям’я Паланейчыкаў жыве ў зусім новай шматпавярхоўцы, на пад’ездах якой нават няма нумароў. «Года яшчэ няма, як мы сюды пераехалі», — тлумачыць Паліна.

Паліна Рэспубліка

Гэта вельмі прыгожая і светлая кватэра. Сучасныя рэчы суседнічаюць са старадаўнімі, напрыклад, у пакоі, які перароблены ў кухню і залу адначасова, стаяць два камоды, якія засталіся яшчэ ад прабабуль. «Маці іх выратавала з лецішча», — кажа спявачка. Каларытна выглядае і вялікая лоджыя, на якой, калі добрае надвор’е, можна піць гарбату ці каву.

«У дзіцячым садку я вельмі любіла пантануцца, што мой бацька — дырэктар макароннага цэху»

— А хочаце торцік? Я яго зрабіла, — Паліна прыносіць у свой пакой, дзе мы вырашылі размаўляць, торцік з чарніцамі. — Будзеце, так? Канешне, будзеце.

Мы пераехалі сюды нядаўна, апошні год жывём у стане бясконцых рамонтаў. Я не ведаю, калі гэта скончыцца, бо нават калі мы ўжо тут нічога не свідруем, на дванаццатым паверсе хтосьці штосьці робіць, і ўсё роўна вельмі гучна.

Дагэтуль мы здымалі кватэру, яна была маленькая. А нас пяць, і таму вельмі класна, што мы сюды пераехалі. У мяне з’явіўся свой пакой, у якім, бачыце, амаль што няма розных лялек і машынак маіх братоў.

— А колькі гадоў братам?

— Восем і чатыры, — падлічвае на пальцах Паліна. — Складана з узростам.

З аднаго боку, тое, што ў мяне ёсць два малодшыя браты, паўплывала на маё жыццё, на мой светапогляд. Першы брацік нарадзіўся, калі мне было аддзінаццаць год, другі — калі было шаснаццаць. І адпаведна з гэтым мой пубертатны перыяд, перыяд станаўлення як асобы адбываўся побач з маленькімі дзецьмі. А дзіця патрабуе спецыфічнага рыжыму, на які, хочаш — не хочаш, а перастройваецца амаль уся сям’я. І трэба было маці дапамагаць.

Але я ні ў якім разе не шкадую, што так адбылося, і не злуюся на бацькоў, што яны сапсавалі маё дзяцінства. Дзеці — гэта рухавік, які ўвесь час працуе, і ты не можаш легчы, ты не можаш нічога не рабіць. Нават зараз яны з’ехалі з маці на лецішча, і я разумею, што я сяджу ў вельмі спакойнай атмасферы, адна, нічога не валіцца, ніхто не круціцца, і мне неяк нязвыкла.

— А калісьці сварылася з братамі?

— У нас вялікая розніца — адзінаццаць і шаснаццаць год, з такой розніцай не сварацца. Гэта мяне прымусіла быць больш адказнай — з аднаго боку. А з іншага боку, быць больш дзіцём зараз. Калі трэба пагуляцца, ты ператворваешся ў дзіцяці і ўзгадваеш тое, што мог бы і забыць — як было ў дзяцінстве, што падабалася, што не падабалася.

Калі малыя нарадзіліся, я хадзіла ўвесь час з імі гуляць і нават была першым чалавекам пасля маці, які браў на сябе адказнасць. Напрыклад, калі яна з’яжджала, на мяне пакідалі гэтага дзіцёнка, бо нават бабулі баяліся ўжо. Таму досвед ёсць, — усміхаецца Паліна.

— Раскажы пра сваіх бацькоў. Хто яны, адкуль яны, дзе працуюць?

— Яны з Менску. Яны пазнаёміліся вельмі рана, калі ім было па шаснаццаць год. Вось стаіць здымак, дзе маці з татам, — паказвае на чорна-белае фота маладой пары. — Іх каханне для мяне — узор, бо яно вельмі пяшчотнае, палкае, але моцнае і сапраўднае.

Бацька працуе дырэктарам аднаго прадпрыемства. Ён займаецца шмат чым, зараз, я ведаю, ён займаецца штучнымі елкамі для Новага году. Але раней у яго быў макаронны цэх. Мне ўвесь час падабалася, што мой бацька — дырэктар макароннага цэху. Асабліва ў дзіцячым садку я вельмі любіла пантануцца. Але з-за таго, што тата вельмі актыўны, ён халерык, у яго вельмі шмат спраў і працы, якую ён любіць. І мне бывае цяжка сачыць за тым, што ў яго адбываецца. Зараз, калі я стала больш самастойнай, мы не так часта сустракаемся дзеля таго, каб паразмаўляць. Але, напрыклад, нядаўна я паехала з ім у камандзіроўку ў Маскву, і мы за гэты час абмяняліся ўсім, чым трэба было абмяняцца, і зараз я больш ведаю, чым тата займаецца, як у яго справы.

— А маці?

— Маці зараз працуе з татам як дызайнер, распрацоўвае адзін з накірункаў. Маці вельмі творчая, яна можа рабіць усё, як мне падаецца. Яна вельмі добра шые. У мяне шмат сукенак, якія яна зрабіла, і дзецям яна шыла. Аднойчы малодшы брат у дзіцячым садку распавядаў пра тое, што мама можа, і сказаў выхавальніцы: «Маці мне сшыла штонікі, а заўтра яна сшые нам новую кватэру!» — смяецца. — Я думаю, што, калі пастарацца, яна магла б і дом пабудаваць.

Яна шмат дзе працавала, але атрымалася, што яна нарадзіла аднаго, крыху папарацавала, зноў нарадзіла… І зараз яна вольная — ну, адносна. У офісе з ранку да вечара не працуе — гэта шчасце! Асабліва, напэўна, для майго страўніка. Бо калі маці працавала і я была маленькая, я ўвесь час перажывала, што маці не можа гатаваць усё. І мае першыя кулінарныя спробы ў восем-дзевяць год мне не вельмі падабаліся. Вось пасля маці нарадзіла, стала шмат чаго рабіць дома, і гэта класна.

Паліна Рэспубліка

«Я ляжу на дыване з лялькамі, машынкамі і слухаю песню: „Забирай меня скорей, увози за сто морей…“»

— Ведаеш, чаму цябе назвалі менавіта Палінай?

— Я добра ведаю, што мяне хацелі назваць Арцёмам, але я нарадзілася дзяўчынкай, што, канешне, страшна ўсіх здзівіла, таму што была нейкая блытаніна, і думалі, што будзе Арцём. А, наколькі ведаю, Палінай назвалі, бо так звалі сяброўку маёй бабулі. Шчыра кажучы, я не бачыла гэтага чалавека.

— А бацькі не выхоўвалі як хлопчыка? Асабліва тата?

— Вось зараз я магу сказаць, што хлопчыкаў выхоўваюць. Я нарадзілася ў сваіх бацькоў у тым узросце, у якім я зараз. То бок ім было па дваццаць год. Зараз я разумею, што вось у мяне ёсць досвед — дзве гэтыя галавы, а ў іх тады яго не было, і яны таксама былі гарачыя, ім вельмі ўсяго хацелася. Таму методыкі вахавання Паліны Паланейчык не было. Але з-за таго, што ў нас вялікая і вельмі дружная сям’я, мяне выхоўвалі і бабулі-дзядулі, і цётачка… Увагі хапала. Я была першая, што таксама класна. Пасля мяне нарадзілася сястрычка, пасля гэтыя два, яшчэ сястрычка. І зараз у бабулі з дзядуляй унукаў шмат.

— А памятаеш сябе ва ўзросце, у якім зараз твае браты?

— Памятаю дзіцячы садок. Напэўна, адзін з самых яркіх успамінаў — гэта свята 14 лютага, і бацькі падарылі мне касетнік з касетай гурта «Руки вверх». Я ляжу на дыване з лялькамі, машынкамі і слухаю песню: «Забирай меня скорей, увози за сто морей…» І чамусьці гэта самы яркі ўспамін з дзіцячага садка.

У нас ёсць некаторыя відэазапісы, дзе мне сем месяцаў, год, і я часта блытаю гэтыя запісы і свае ўспаміны. Але асноўныя дзіцячыя ўспаміны ў мяне пачынаюцца з таго, што я з дзядулем і бабуляй паехала ў адпачынак на Кубань — на радзіму дзядулі. Гэта было каларытна! Калі абрыкосы, растуць паўсюль, у бабулі расце грэцкі арэх на вуліцы, яна хлеб сама гатуе, каля пошты на клумбе растуць гарбузы… І мы з дзядулем яшчэ хадзілі на рыбалку, гэта, памятаю, класна было!

— А кім хацела стаць?

— «Учитилём»! Ёсць відэазапіс, дзе я пра гэта распавядаю. А пасля… У прынцыпе, увесь час «учитилём».

— А чаму?

— Не ведаю. Усе аднакласніцы хацелі стаць дызайнерамі ці… якія хамячкоў даглядаюць… ветэрынарамі! А я не ўмела маляваць, не вельмі любіла жывёл, бо ў мяне іх не было і я не вельмі блізка з імі знаёмая была. Таму я хацела стаць настаўнікам.

— Як сама ў школе вучылася?

— Нармальна. Я не была, можа, зусім малайчынкай, але была на вельмі добрым сярэднім узроўні. Скончыла школу наогул нармальна, 9.0 у мяне быў сярэдні бал. Але ў школе… я не прагульвала, а шукала розныя дзірачкі, у якія можна сунуцца, каб чагосьці рабіць крышачку меней.

Яшчэ я любіла займацца ўсім-усім. І музычная школа была — атрымлівалася, што мы з ранку прыходзілі ў школу, быў перапынак 45 хвілін, пасля яшчэ ці пара па сальфеджыа, музычнай літаратуры і спецыяльнасці, ці хор, ці проста студыя… Кожны год я спрабавала хадзіць на нейкія секцыі. Займалася і конным спортам, і танцамі, але нядоўга — да зімы, бо было холадна, і не так цікавілі танцы, футбол і конны спорт. А калі наступала другая частка году, пасля зімы, я пачынала пісаць якую-небудзь навуковую працу ці ўдзельнічаць у мерапрыемстве, дзе можна было хадзіць на рэпетыцыі ці да настаўніка і прапускаць нейкія заняткі, — усміхаецца Паліна.

— У музычнай школе грала на фартэпіяна?

— Так.

— Чаму менавіта на фартэпіяна, а не, напрыклад, на гітары?

— Гэта выбар быў такі, таму што ў мяне было фартэпіяна дома, на якім грала маці. Яе сястра грала на цымбалах, і мая сястрычка таксама вучылася граць на цымбалах. Я думаю, гэта такая пераемнасць пакаленняў. А гітары дома не было. Я хацела навучыцца граць на гітары, але мне ўвесь час настаўніца па фартэпіяна казала, што ў мяне яшчэ дзіцячыя рукі, і тое, што добра для гітары, дрэнна для фартэпіяна. І наадварот.

— А другога інструмента не было?

— Пасля — быў. Я нават на барабаны хадзіла. І зараз я разумею, што ў мяне ўсё роўна фартэпіянныя рукі, а не гітарныя, бо мне фізічна вельмі цяжка граць на гітары.

У гэта момант дзесьці зверху пачынае свідраваць, так, што нават не чуваць галасоў.

— І так штодзень. Я ўжо не заўважаю, як і не заўважаю, як тэлевізар з мульцікамі ідзе. Ён можа гарлапаніць, але я настолькі звыклася, што гэтыя «Пакемоны» крычаць і крычаць, а я не заўважаю.

Паліна Рэспубліка

«Праз песні я патрапіла ў беларускамоўнае асяроддзе»

— Калі ты пачала цікавіцца беларускай мовай?

— Мяне паклікала на канцэрт N.R.M. мая аднакласніца — не ведаю, з якой халеры. Мы тады вучыліся ў шостым ці ў сёмым класе. Мы пайшлі, і я ўпершыню пачула жывую мову і зразумела, што яна ёсць. А ячшэ мой класны кіраўнік, яна была менавіта беларускім філолагам, падцягвала нашу мову, умела зацікавіць, увесь час распавядала розныя прытчы, гісторыі… То бок яна не была тым настаўнікам, які адварочваў ад беларускай мовы.

А пасля атрымалася, што ў актыў мова ўвайшла, калі я пачала пісаць песні. Пачала пісаць са слоўнікам: я праз песні патрапіла ў беларускамоўнае асяроддзе, пачала вучыць мову. Паціху яна стала больш менш звыклай.

— А чаму песні менавіта па-беларуску пісаліся?

— А я не ведаю. Гэта ці цуд нейкі, ці халера. Я, канешне, не магу сказаць, што я ніколі-ніколі не цікавілася беларускай мовай, ніколі нічога не чытала, і раптам беларускае слова прыйшло мне ў галаву!.. Не, такога не было.

— А твае бацькі і браты па-руску размаўляюць, так?

— Так. Але яны маю зацікаўленасць заўсёды падтрымлівалі. У мяне наогул не было і не бывае з бацькамі такога, што яны кажуць мне: «Не! Ты гэтага рабіць не будзеш». Яны мяне выхоўвалі адказна і самастойна і так да мяне і ставяцца. Нават зараз мне падаецца, што я са сваімі дзецьмі так не змагу, бо бацькі паважаюць маю самастойнасць, мой выбар, хоць і часам мне хочацца, каб хто-небудзь сказаў, як рабіць.

Напрыклад, у снежні гэтага года мне трэба было ехаць на канцэрт ва Украіну, а там якраз пачыналіся ўсе падзеі, і напрыканцы атрымалася, што я паехала туды адна. Маці з татам напачатку мне казалі: «Не! Не паедзеш». Але пасля, калі наблізілася дата, мы з імі паразмаўлялі, і яны сказалі: «Гэта тваё жыццё, твой лёс, калі ты так адчуваеш і табе трэба туды ехаць, то едзь». Мне падаецца, я б так не змагла. Я б сказала: «Не, сядзі дома, я спаць не буду».

— Значыць, супрацьстаяння бацькоў і дзяцей ніколі не было.

— Не, у нас вельмі сяброўскія адносіны. Часам гэта шкодзіць, бо ты пачынаеш дзяліцца з маці як з самай блізкай сяброўкай, пачынаеш ёй выкладваць усё… Зараз гэта нармальна. Але калі мне было пятнаццаць ці шаснаццаць год, мне маці часта казала: «Ты мне, можа, чагосьці не кажы, бо ты мне скажаш, а я ўсё ж такі маці, я накручваць сябе буду». Часам трэба было неяк фільтраваць інфармацыю, але ў нас блізкія адносіны, і мяне гэта цалкам задавальняе.

— А памятаеш сваё першае каханне?

— Гэта якраз адбывалася пад той касетнік, «Забирай меня скорей». Гэта быў хлопчык Жэня. Я вельмі добра памятаю, як ён выглядаў. У мяне такі ўспамін: ён у нейкай чорнай кофтачцы, і зуба няма аднаго.

— Рыцар!

— Так. Мяне тады ў садку бралі граць у нейкіх дзіцячых пастаноўках, аднойчы я была Муха-Цокотуха. І вось мяне выхавальніца пытае: «Паліна, Муха-Цокотуха, хто будзе тваім Комариком? Хто будзе цябе выратоўваць?» І я, саромеючыся, сказала: «Жэня!», — смяецца. — Не памятаю яго прозвішча, на жаль. Было б цікава паглядзець на яго.

— А што зараз? Замуж не збіраешся? Ці не кліча хлопец?

— У мяне адносіны, я лічу, дастаткова сур’ёзныя, дастаткова доўгія. Напачатку, калі мы пачалі сустракацца з хлопцам (я люблю браць усю ініцыятыву на сябе), я яму казала: «Давай, ну, можа, ужо? Ну?» Ён казаў: «Ну, давай пачакаем! Табе ж семнаццаць год». Але штампік — гэта не тое, што патрэбна. І чым больш ты жывеш, разумееш, што не трэба спяшацца. Будуць яшчэ праблемы. Не трэба станавіцца дарослай раней, чым яно гэтага ад цябе патрабуе.

Паліна Рэспубліка

«Я занадта ганарлівая, каб ісці ў актрысы»

— Чаму ты вырашыла займацца рэжысурай, а не музыкай?

— Я адчула, што мне неабходна музыка і што я без яе не буду, менавіта калі я паступіла. З-за гэтага я абрала рэжысуру: мне здавалася, што гэта мне больш цікава, бо нават музычную школу у нашай гімназіі мы скончылі ў дзевятым класе, і ў мяне не было музыкі ў актыве. Я хадзіла з настаўніцай займацца, але гэта было выключна з майго жадання, таму, зразумела, не на тым узроўні.

У акадэмію я паступала свядома, хадзіла на падрыхтоўчыя курсы два гады. Сказаць, што маё-маё, не магу. Але сказаць, што яно зашкодзіла і было нечым лішнім, таксама не магу. Можа, з таго, што я раблю ў акадэміі, з гэтых перажыванняў бяру шмат натхнення ў музыку.

Зараз, канешне, мне вельмі б хацелася, каб у мяне была музычная адукацыя і мае адносіны з музыкай былі больш сур’ёзнымі. Спадзяюся, я паспею атрымаць тое, што не атрымала.

— Не спрабавала пайсці на другія спецыяльнасці?

— Спачатку я спрабавала пісаць, бо мне ўсе казалі, што ў мяне гэта атрымліваецца. Я пісала ў нейкія часопісы і думала ісці на журналістыку. Папісала, папісала нейкія артыкулы пра бульбу… У прынцыпе, адзіны артыкул, які ў мяне выйшаў, і быў пра бульбу. І я зразумела, што гэта не маё.

Пасля я пачала займацца ў тэатральнай студыі. Але я занадта ганарлівая, каб ісці ў актрысы, бо да гэтага так сур’ёзна ніхто не ставіцца. «Пайду ў рэжысёры!» Але мне падавалася, што каб быць рэжысёрам тэатра, трэба быць страшна дасведчанай, а вось пайсці на рэжысуру кіно і тэлебачання — гэта можна.

Замест таго, каб хадзіць у тэатральную студыю, я пачала хадзіць на пардрыхтоўчыя курсы ў акадэмію мастацтваў. Я пахадзіла туды год, каб зразумець, падабаецца мне ці не. Я, канешне, зразумела, што мне не падабаецца. Тады я вырашыла пайсці ў нархоз на дырэктара аграпрамысловага прадпрыемства. Ключавое слова — дырэктар. Але маці мне сказала: «Неа». І з новага года я зноў пайшла на курсы. Паступіла. Зараз я скончыла трэці курс — засталося вучыцца яшчэ год.

— Наколькі насычанае ў цябе студэнцкае жыццё?

— Усё атрымліваецца не так, як ты сабе ўяўляеш. Мне здавалася, што я прыйду ў акадэмію і там будзе шмат знаёмых, творчая атмасфера… Але мы паступілі, правучыліся год, і акадэмію зачынілі на рамонт. Таму атрымалася, што мы не ведаем ні мастакоў, ні дызайнераў — тых людзей, з якімі, можа, было б цікава. Але ў мяне вельмі добрая група.

— Вялікая?

— Не, нас дванаццаць. У групе не толькі дзяўчынкі, у нас чатыры хлопчыкі. На першых курсах мы былі вымушаны кантактаваць вельмі цесна, бо былі такія дысцыпліны, як тэхніка мовы, акторскае майстэрства… У нас былі групавыя працы, групавыя заняткі. Напэўна, напрыканцы другога курса гэта скончылася, мы знялі апошнюю работу, дзеля якой мусілі кантактаваць з усімі, і зараз ёсць такія людзі, якіх я за год, мабыць, бачыла разоў пяць. Але мне вельмі прыемна, што з групы ёсць пяць чалавек, якія з’яўляюцца маімі вельмі блізкімі сябрамі.

— Якая самая яркая падзея за гэтыя тры гады вучобы?

— Безумоўна, самыя яркія моманты — гэта сесіі і здымкі, на першых курсах, напэўна, нашыя іспыты па майстэрству актора: гэта было вельмі цікава.

Здымкі для кожнага — гэта страшнае выпрабаванне, калі ты не еш і не спіш. Толькі — туды, туды. І такая колькасць перашкодаў! Ты думаеш, як з гэтым жыць. І кожны раз так хочацца павесіцца! І ты думаеш: «Навошта мне гэта?» І тут адзін аднога падтрымлівае.

Кожны семестр апошні іспыт — па спецыяльнасці. Яго дажываеш і думаеш: «Усё, да чорта гэтую акадэмію! Ніколі, ніколі. Зараз буду спаць». Але праходзіць два месяцы перапынку, і ты разумееш, што ўжо ручкі чэшуцца, хочацца штосьці рабіць, і ты кожны раз спадзяешся, што зараз ты што-небудзь зробіш, і яно будзе класна. І не атрымліваецца, — смяецца Паліна.

— А што вы здымаеце?

— У нас былі розныя праекты. Першая работа ў акадэміі мастацтваў называецца «Я і свет». Вельмі складаная работа. Хаця, мабыць, зараз яна не была б такой складанай, бо тады мы прыйшлі, і нам сказалі: «Вось вам работа „Я і свет“». А мы ж усе толькі са школкі вылезлі, вочкі вылупілі: «Здымаем, так. А што здымаем?» Тады майстар нашага курсу садзіўся на стул і казаў: «Вот сижу я на горшке. Пролетает мимо меня шмель. Вот так поменялось моё мировоззрение». Гэта ўсё, што ён нам патлумачыў.

— А што ты здымала?

— Тады я напісала вельмі дзіўны сцэнар. Там былі дзяўчынка, сабака, Строчыцы… Шчыра кажучы, я гэтую работу дзесьці пасеяла, я яе не глядзела і глядзець не хачу.

Чамусьці атрымліваецца, што здымкі — гэта заўсёды вельмі холадна. Я хацела здымаць у Траецкім прадмесці, гэта быў першы здымачны дзень. Уяўляеце, што гэта такое? Я думаю: «Так, усё. Вазьму аператара, ён паставіць камеру. Вось тут прыгожа…»

— А аператар быў з акадэміі?

— Аператар быў з акадэміі, але гэта іншая гісторыя. На наступны дзень здымак, калі я прыйшла і зразумела, што па гэтай прыгожай пляцоўцы толькі што праехаў трактар, вырыў яму і насыпаў пяску цэлую гару… Здымалася я сама, але мне патрэбны быў сабака — не ведаю, чаму. І я папрасіла дзяўчынку са сваёй школы, каб яна прыехала са сваім сабакам, дапамагла мне.

Мы з ёй прыехалі. Прывезлі сабаку. Стаіць трактар. Ладна, пофіг. Хаця б што-небудзь зняць. Не магу датэлефанавацца да аператара, з якім я дамовілася. Я яму тэлефанавала, ён падняў праз гадзіну, прыйшоў і кажа: «Ну?» Я кажу: «Давай!» Ён: «А камера?» — «Ты ж аператар!» І напрыканцы першага курса мне прыйшлося набываць сваю камеру, бо стала зразумела, што вельмі цяжка з гэтым: шмат работ, якія мы здымалі, былі дакументальныя, і таму свая камера стала патрэбна вельмі хутка.

Другая работа — гэта інтэрв’ю. У мяне была «Размова пра мову» — пра беларускамоўных дзетак.

Трэцяя работа — рэпартаж, я здымала пра набыццё Статута ВКЛ Магілёўскім музеем. Ужо здымала сама. Чацвёртая работа — кліп, ігравая работа.

— Свой кліп здымала?

— Так. Я планавала зняць сур’ёзны кліп, які я б магла выкарыстоўваць у творчасці. Мы пачалі запісываць песні, запісалі тады «Лета», яшчэ адну, на якую я планавала зняць кліп з аператарам. Але так здарылася, што мы не паспелі. Я была ў стане страшнай паніцы, бо мне патрэбна было штосьці зрабіць. Праз чатыры дні іспыт. У мяне ўсё было вельмі дрэнна, я думала, думала, здымала дома і пасля прачнулася зранку, села на ровар і, а чацвёртай раніцы паехала на Нямігу, зразумела, што гэта класна, пасля павыязджала тры дні, зрабіла кліп на песню «Утро»

Пасля мы здымалі дакументальны партрэт, а ў гэтым семестры быў дакументальны нарыс. Мне дастаткова цікава працаваць у гэтых жанрах.

Самы прыемна-адказна-трывожны момант, калі ты перакідваеш матэрыял, які ты зняў, на кампутар і пачынаеш глядзець. Там і столькі радасці за добрыя кадры, і нярадасці за ўсе астатнія, якія ніякім чынам не мантуюцца паміж сабой, але штосьці з гэтым трэба зрабіць. А пасля пачынаецца вельмі скрупулёзны мантаж, які мне нагадвае эпізод з народнай казкі, калі рыс трэба аддзяліць ад грэчкі…

Паліна Рэспубліка

«І я раптам зразумела, што зараз усё зменіцца»

Пасля размовы мы п’ем зялёную гарбату з торцікам з чарніцамі і доўга размаўляем пра жыццё. Паліна вінавата ўсміхаецца:

— Торцік трошкі жорсткі атрымаўся: патрэбна была міндальная мука, але яе не было, і я набыла кукурузную…

Мы пераконваем спявачку, што ўсё роўна атрмылася вельмі смачна. Пасля адзначаем, што на стале стаіць цукарніца з надпісам па-іспанску — «azúcar». Паліна распавядае, што гэта маці прывезла: яна вазіла дзетак на адпачынак у Іспанію, і Паліна ездзіла з ёй. Толькі нічога не памятае, таму што дзяўчыне было толькі тры гады…

— Светаадчуванне, у якім я зараз знаходжуся, пачалося з вельмі цяжкага лета, калі я паступала ў акадэмію, — задуменна кажа Паліна. — То былі вельмі цяжкія іспыты для мяне, бо я да апошняга не ведала, паступлю ці не. А калі ты рыхтуешся да гэтага два гады і зусім не разумееш, па якім крытэрыям ставяць адзнакі…

— Якія былі іспыты?

— Мы пісалі два ЦТ — мову і гісторыю. ЦТ і атэстат складаліся ў адзін бал, астатняе — унутраныя іспыты.

Мне было цяжка, бо я рыхтавалася і, калі прыйшла на першы іспыт, была ўпэўнена, што ўсё будзе добра. На першым іспыце давалі кавалак тэкста ці малюнак, па якім ты мусіш напісаць сцэнар за тры ці чатыры гадзіны. Але напісаць трэба рэжысёрскі сцэнар з літаратурнай заяўкай і раскадроўкай. Вельмі сур’езная праца, і я нават вучылася дома яе хутка пісаць, каб усё паспець.

Я напісала сцэнар, ён быў з тых, якія я рыхтавала: я проста падрабіла яго на нейкую сітуацыю, то бок я разумела, што я не пішу глупства. Я была задаволеная, што я ўсё паспела, і пайшла з сябрамі ўвечары глядзець «Гары Потэра». Мне патэлефанавалі дзяўчынкі, якія разам са мной паступалі, і сказалі, што ёсць вынікі. Я адказала, што зараз пад’еду. Але я не паспела, мне сказалі маю адзнаку: у мяне было чатыры. З дзесяці. І я была ў шоку. Бо чатыры было ў тых людзей, якія не хадзілі на курсы.

І тады я паламалася вельмі моцна, мне было вельмі цяжка. Я была ў такой дзіцячай дэпрэсіі. І ўсё было шэрым, і самаацэнка ўпала на такі ніз… Прайшлі ўсе іспыты, я ўсё ж такі паступіла. Я добра памятаю, што была сярэдзіна жніўня і быў вельмі сонечны дзень. Я пераходзіла дарогу ў Зялёным лузе, у мяне была чорная сукенка, і я раптам зразумела, што зараз усё зменіцца. Бывае, што надыходзіць такі момант, і ты разумееш: усё. І нішто на цябе не ўплывае. Пасля гэтага я сядзела два тыдні дома адна і пісала песні, пасля пачала хадзіць у акадэмію і зразумела, што я не магу не спяваць… Летазлічэнне маёй эры пачалося.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Саша Литвинчик

Группы:

Комментарии: 1
  • Ананім Ананьераў:

    Дык часьцей трэба хадзіць на беларускія рок-канцэрты, там такое жыцьцё віруе, што ніякіх сумненьняў няма, што Жыве Беларусь! Вунь нават зусім новае імя на белмэталсцэне «M.G.» такога дыхту днямі дало ў сталічным клюбе «ТNТ», што самому сьпяваць захацелася http://belmusic.org/reviews/mgdebutecd.html Каб Паліна зь імі дуэт зрабіла, дык і сябе б іначай убачыла.